Праблемы вырашаюцца

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Клопаты, праблемы і запатрабаванні насельніцтва Дзятлаўшчыны – аб’ект пільнай увагі раённай улады.

Вядома, што вырашыць усе праблемы адразу немагчыма, але добрыя справы нават у лакальным маштабе робяць жыццё дзятлаўчан больш камфортным.

Новы асфальт – для аўтамабілістаў

У красавіку быў завершаны бягучы рамонт участка аўтамабільнай дарогі Карэлічы – Валеўка – Наваельня. Падрабязнасці расказаў начальнік планава-тэхнічнага аддзела ДРБУ-119 Сяргей Хайко:

– У межах праграмы “Дарогі Беларусі”, згодна з планам, работнікамі ДРБУ-119 было адрамантавана асфальтавае пакрыццё аўтадарогі Карэлічы – Валеўка – Наваельня агульнай працягласцю 2250 метраў, асвоена 444 тысячы рублёў з абласнога бюджэту, выдзеленыя на гэты аб’ект. У ходзе работ былі закладзены выраўноўваючы і верхні слаі асфальту, устаноўлены новыя дарожныя знакі. На гэтым участку аўтадарогі інтэнсіўны рух, таму “абноўка” напэўна прыйшлася даспадобы вадзіцелям. Таксама ў цяперашні час уладкоўваем асфальтавае пакрыццё на месцы гравейнай дарогі Малдуці – Змяёўцы – Міклашы працягласцю 1,6 кіламетра.

Дом для вяскоўцаў: перазагрузка

Без вокнаў, без дзвярэй поўна хата людзей. Што гэта? Аказваецца, загадка пра агурок па сэнсе падыходзіць і да апісання шматкватэрнага дома 53А па вуліцы Леніна ў вёсцы Апаліна-Басіна. Менавіта ў такім стане год таму яго атрымала на баланс Дзятлаўскае РУП ЖКГ. Што чакала камунальнікаў на гэтым аб’екце і як змянілася жыллё за год, паведаміў намеснік дырэктара прадпрыемства Віктар Дзедуль:

– Васьмікватэрны жылы дом у вёсцы Апаліна-Басіна быў перададзены на наш баланс у жахлівым стане: адсутнічалі вокны, дзверы, былі размарожаны батарэі ацяплення, у аварыйным стане электрычная праводка. Перад тым як перадаваць нам дом, атрыманы ў “спадчыну” ад КСУП “Русь-Агра”, СГФ “АграМілк” зрабіў рамонт даху, што крыху палегчыла нашу місію. За час, пакуль шматкватэрны дом знаходзіцца на нашым балансе, было зроблена нямала:  замянілі электрычную праводку ў пад’ездах і падвалах, правялі рамонт уваходнай групы (паставілі дзверы і вокны). Нарэшце, у красавіку за сродкі, атрыманыя ад арэнднага жылля, замянілі газавае абсталяванне, тэрмін эксплуатацыі якога даўно скончыўся: набылі і ўстанавілі 5 новых пліт і 5 катлоў. Усе задачы, пастаўленыя нам кіраўніцтвам раёна, выканалі. Ці будуць нашы намаганні недарэмнымі, цяпер залежыць ад саміх жыхароў дома.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: