Пенсійнае забеспячэнне для ліквідатараў аварыі на ЧАЭС

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама часта звяртаюцца жыхары Дзятлаўскага раёна з пытаннямі, якія найчасцей тычацца налічэння і выплаты пенсій і дапамогаў.

Адказвае намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.

Пытанне: каму прадастаўляецца права датэрміновага выхаду на пенсію па ўзросце па Законе аб ЧАЭС?

Адказ: пенсійнае забеспячэнне асобаў, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і членаў іх сем’яў ажыццяўляецца з улікам нормаў, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый”.

Удзельнікі ліквідацыі дзеляцца на дзве катэгорыі:

– якія былі заняты на работах па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў межах 10-кіламетровай зоны;

– якія былі заняты на работах па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў межах зоны эвакуацыі (адчужэння), і ўдзельнікі іншых радыяцыйных аварый.

Удзельнікам ліквідацыі, якія былі заняты на работах у межах 10-кіламетровай зоны ў 1986 годзе ці не менш за 10 сутак у 1987 годзе, прадастаўляецца права на датэрміновую пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнавызначанага пенсійнага ўзросту на 10 гадоў пры наяўнасці стажу работы не менш за 20 гадоў у жанчын і 25 гадоў у мужчын.

Права на датэрміновую пенсію па ўзросце, на 10 гадоў ранейшую за агульнавызначаны пенсійны ўзрост прадастаўлена таксама грамадзянам, якія захварэлі і перанеслі промневую хваробу, інвалідам у выніку катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый. Пры гэтым мужчынам яна прызначаецца пры стажы работы не менш за 20 гадоў, жанчынам – не менш за 15.

Для ўдзельнікаў ліквідацыі, якія былі заняты на работах па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў межах зоны эвакуацыі (адчужэння), прадугледжаны іншыя ўмовы для датэрміновай пенсіі па ўзросце. Ім яна прызначаецца са зніжэннем агульнавызначанага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў пры ўмове надыходу інваліднасці, незалежна ад яе прычын і групы (акрамя грамадзян, інваліднасць якіх настала з-за ўчынення імі вінаватых супрацьпраўных дзеянняў). Акрамя таго, для прызначэння гэтай пенсіі патрабуецца наяўнасць стажу работы не менш за 20 гадоў у жанчын і 25 у мужчын.

На аналагічных умовах прызначаецца датэрміновая пенсія па ўзросце грамадзянам, якія прымалі ўдзел у работах па ліквідацыі аварый і іх наступстваў на іншых атамных аб’ектах грамадзянскага ці ваеннага прызначэння, а таксама ў выпрабаваннях, вучэннях і іншых работах, звязаных з любымі відамі ядзерных установак, уключаючы ядзерную зброю.

Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga