Павага да чалавека працы ляжыць у аснове ўсіх нашых планаў і задумаў

Важнае Грамадства

Для прафсаюзаў Першамай – гэта свайго роду кантрольная кропка, калі можна азірнуцца і прааналізаваць вынікі работы за год, а таксама вызначыць напрамкі дзейнасці на наступны перыяд.

Напярэдадні Свята вясны і працы мы пагутарылі са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандрам Дубовікам.

– Аляксандр Міхайлавіч, на што больш увагі звярталі прафсаюзы ў мінулым годзе?

– У 2022 годзе ва ўмовах вельмі напружанай міжнароднай абстаноўкі, ціску, які аказваўся на Рэспубліку Беларусь, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка неаднойчы падкрэсліваў, што для ўмацавання стабільнасці, парадку ў краіне ў першую чаргу неабходна “кожнаму на сваім месцы займацца сваёй справай”. І гэта патрабаванне ў поўнай меры адносіцца і да ўсяго прафсаюзнага актыву – мы знаходзіліся і знаходзімся на перадавой самых важных для людзей пытанняў: занятасці, заработнай платы, сацыяльных гарантый, і ў цэлым абароны сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў. Прафсаюз – гэта і ёсць людзі, гэта больш за 4 мільёны беларусаў з розных галін і рэгіёнаў краіны.  У нашым раёне функцыянуюць 92 прафсаюзныя пярвічкі з 11 галіновых аб’яднанняў, у якія ўваходзяць амаль 8 тысяч чалавек.

– Прафсаюзы – адны з самых актыўных удзельнікаў грамадска значных падзей. Дзятлаўскае аб’яднанне гэтаму пацвярджэнне.

– Сапраўды так. У мінулым годзе ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь мы правялі больш за 30 сустрэч у працоўных калектывах, у час якіх прадстаўнікі прафсаюзаў расказвалі аб магчымых змяненнях, збіралі прапановы людзей па ўдасканаленні дакумента. Таксама актыўна праводзілі работу ў працоўных калектывах па абмеркаванні праекта Закона “Аб Усебеларускім нацыянальным сходзе”.

Традыцыйна былі ўдзельнікамі ўсіх памятных мерапрыемстваў у раёне, прымеркаваных пэўным датам і падзеям з гісторыі нашай краіны, вела- і аўтапрабегаў, ушанавання перадавікоў вытворчасці, ветэранаў, прымалі ўдзел у суботніках, пасадцы лесу, добраўпарадкаванні помнікаў землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і многім іншым.

– Якім чынам прафсаюзы ўдзельнічаюць у абароне працоўных правоў дзятлаўчан?

– Аднаўленне на рабоце, адмена неабгрунтаваных рашэнняў у частцы дысцыплінарных спагнанняў, вяртанне незаконна ўтрыманых або нявыплачаных работнікам грашовых сродкаў – гэта толькі невялікая частка пытанняў, якія даводзіцца вырашаць. За мінулы год прафсаюзныя інспектары абласнога аб’яднання правялі на Дзятлаўшчыне амаль два дзясяткі прававых прыёмаў грамадзян, пракансультавалі 25 чалавек. Бывае, што людзям, якія прыйшлі на прыём, патрэбен не проста адказ на пытанне, таму, акрамя юрыста ў прававых прыёмах прымаюць удзел і прадстаўнікі пракуратуры, аказваючы практычную дапамогу ў вырашэнні праблем.

Дарэчы, за 2022 год усяго па рэспубліцы прафсаюзныя юрысты выявілі больш за 16 тысяч правапарушэнняў заканадаўства аб працы, работнікам вярнулі больш за 2 мільёны рублёў, якія былі незаконна ўтрыманы або нявыплачаны наймальнікамі.

Нярэдка прафсаюзныя юрысты не толькі кансультуюць членаў прафсаюза, дапамагаюць у складанні працэсуальных дакументаў, але і непасрэдна прадстаўляюць іх інтарэсы ў судзе. Прычым усё гэта бясплатна.

– Ці паспяховыя намаганні раённага аб’яднання ў сферы аховы працы?

– Наша задача, каб кожны чалавек, які прыйшоў на работу, вярнуўся ў сям’ю жывым і здаровым. Бяспека на працоўным месцы, забяспечанасць работнікаў спецвопраткай, нармальнымі ўмовамі працы – усё гэта знаходзіцца ў прафсаюзаў на пастаянным кантролі.  Нашы тэхнічныя інспектары арганізоўваюць рэйдавыя групы, якія рэгулярна наведваюць прадпрыемствы раёна. Асобная ўвага ахове працы ў аграпрамысловым комплексе, асабліва перад пачаткам веснавых палявых работ і падчас уборачнай кампаніі. Тэндэнцыю зніжэння вытворчага траўматызму на Дзятлаўшчыне ўдаецца захаваць.

– Цэны таксама на кантролі?

– Так. У 2022 і пачатку 2023 года прадоўжылася работа, звязаная з маніторынгам цэнаў на тавары і паслугі. Кожны месяц мы аналізуем кошт найбольш запатрабаваных прадуктаў і лекавых сродкаў. Акрамя таго, пры неабходнасці праводзяцца пазапланавыя экспрэс-маніторынгі цэнаў па асобных групах тавараў на прадмет іх наяўнасці і якасці. Гэту інфармацыю мы накіроўваем у Камітэт дзяржкантролю, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Нацыянальны статыстычны камітэт, Генеральную пракуратуру.

– Аляксандр Міхайлавіч, што б вы хацелі пажадаць жыхарам Дзятлаўскага раёна напярэдадні Свята працы?

– Шчыра віншую ўсіх з Першамаем! Галоўным багаццем нашага раёна заўсёды былі працавітыя, ініцыятыўныя, таленавітыя людзі, якія праслаўляюць свой край, прымнажаюць яго эканамічны і духоўны патэнцыял. Хачу падзякаваць кожнаму, хто не баіцца працы і працуе на карысць раёна, а ў Год міру і стварэння – пажадаць яе мірнай і стваральнай. Няхай у вашых дамах жывуць спакой і дабрабыт. Усім здароўя, сапраўднага шчасця!

Ірына КАМАРОВА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga