Новаяльнянцы зноў на п’едэстале “Энергамарафону”

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Па выніках абласнога этапу XVI Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон-2023” дыпломам за I месца ў намінацыі “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні” і грашовай прэміяй у 20 тысяч рублёў адзначана даследчая работа Новаяльнянскай сярэдняй школы “Бесплацінная водаваротная міні-ГЭС”, якую прадстаўляў адзінаццацікласнік Аляксандр Баковіч (кіраўнік Сяргей Сокал).

Больш падрабязна пра даследчую дзейнасць новаяльнянцаў у галіне энергазберажэння і ўкараненне ідэй на практыцы расказаў кіраўнік праекта Сяргей Сокал:

– Ужо восем гадоў займаюся ў школе навукова-даследчай дзейнасцю па рыбаводстве. Гэта запатрабавана, бо ўзяў у арэнду саджалку плошчай 2,5 гектара, паспрабаваў павялічыць рэнтабельнасць і атрымаць больш таварнай рыбы. Для гэтага неабходна праточная вада, узбагачаная кіслародам, а для падрошчвання малька – яе падагрэў у басейнах. Павялічыць праточнасць вады было вырашана за кошт работы вадзяных помпаў. Для зніжэння затратнасці гэтага працэсу шукаў розныя ідэі па энергазберажэнні. Так, у 2019 годзе быў распрацаваны праект “Сонечны канцэнтратар у прыладах замкнёнага водазабеспячэння”. З ім Новаяльнянская сярэдняя школа прыняла ўдзел у абласным конкурсе “Энергамарафон” і атрымала дыплом 3 ступені. У 2021 годзе на абласны конкурс мы прадставілі ўжо новы праект “Самаходная энерганезалежная вадзяная помпа “Вадзяное сэрца”, які быў больш паспяховы і прынёс дыплом 1 ступені і матэрыяльнае ўзнагароджанне ў 20 тысяч рублёў. Школа выкарыстала іх на ўстаноўку 26 вокнаў.

Сёлета зноў выйсці ў лідары абласнога этапу “Энергамарафону” з прэміяй у 20 тысяч рублёў, за кошт якой замена вокнаў будзе прадоўжана, нам дапамог новы энергазберагальны праект “Бесплацінная водаваротная міні-ГЭС”.

Абедзве даследчыя работы-пераможцы перад членамі журы паспяхова прадставіў навучэнец Аляксандр Баковіч, які з 8 класа захоплена займаецца тэмай энергазберажэння.

Варта патлумачыць, чаму праекты, над якімі мы працуем, актуальныя для Беларусі. Справа ў тым, што агульная працягласць рачной сеткі нашай краіны ацэньваецца ў 90 тысяч кіламетраў, колькасць рэк перавышае 20 тысяч, пераважная большасць з іх – малыя. У гідраэнергетыцы Беларусі выкарыстана ўсяго некалькі працэнтаў воднага патэнцыялу, а падобныя прылады заўсёды будуць запатрабаваны там, дзе няма электрычных сетак. Работа над праектам у сярэднім займае год, яшчэ паўгода – апрабацыя прыстасавання. У перспектыве, калі прыцягнуць матэрыяльныя сродкі, можна пабудаваць міні-ГЭС з высокім каэфіцыентам карыснага дзеяння, якая забяспечвала б энергіяй некалькі жылых дамоў ці фермерскіх гаспадарак.

Як ідэю для свайго чарговага праекта, мы разглядаем яшчэ і распрацоўку бяспаліўнага генератара з мінімальнымі капітальнымі ўкладаннямі і высокім ККД, ён падыходзіць для малых рэк і ручаёў Беларусі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga