Любімы горад, красуй у стагоддзях. Дзятлаву – 525! З жыцця вуліц Савецкай, Горкага, Першамайскай

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Працягваем наша падарожжа ад мінулага да сучаснага вуліц Дзятлава.

Сёння наш накірунак пачынаецца  па старажытнай вуліцы ДзятлаваСавецкай, раней  Гальшанская, Беліцкая, Гродзенская, Пілсудскага. Пачатак вуліцы змяніўся. Знесены старыя дамы. На іх месцы пабудаваны будынак, у якім у розныя часыразмяшчаліся: магазін «Дзіцячы свет», з 2003 года – магазін «Міраж», сёння гэта магазін адзення “Марк Фармэль”, далей па вуліцы размясціліся вузел сувязі, двухпавярховыя інтэрнаты. Але уявіць, якой вуліца была ў 50-я гады і раней, нам дапаможа фотакартка таго часу. За шэрагамі дэманстрантаў бачны старыя жылыя дамы. Гэта левы бок вуліцы.

Фота 60-х гадоў  ХХ ст.

Крыху далей, на гэтым жа баку, стаяў вялікі будынак, які таксама не збярогся. У ім у 30-я гады ХХ ст. размяшчалася яўрэйская школа, а ў 50-70-я гады – кінатэатр «Перамога», дом культуры.

Фота 60-х гадоў  ХХ ст.

З правага боку вуліцы  амаль усе старыя будынкі знесены.

Фота 1998 г.

Дом № 26 стаіць на перакрыжаванні вуліц Савецкая і Камсамольская. У 30-я гады тут знаходзіўся пастарунак (участак паліцыі). Узначальваў камендант. У яго падпарадкаванні было 7 чалавек. Потым пастарунак перабраўся далей, у дом № 60, які стаіць на скрыжаванні дарог на Ліду, Слонім, Навагрудак.

Фота 1998 г.

Доўгі дом №54 — у 30-я гады ў гэтым доме была гміна. Войтам быў Прэбядкоўскі з вёскі Пецюкі. У 1939-1941 гадах размяшчаўся ваенкамат.

Фота 60-х гадоў  ХХ ст.

Тэрыторыя прадпрыемства «Гроднамэбля». У 30-я гады і да 1945 года тутразмяшчаўся тартак – лесапілка Каўпінскага. Усю зіму сюды вазілі лес. Валка лесу дазвалялася толькі з лістапада да сакавіка. Тут лес рэзалі са снежня і да траўня выразалі ўвесь. У тартаку працавалі паравая машына і лакамабіль. Лакамабіль даваў яшчэ на мястэчка святло. Пасля вайны тэрыторыя належала кааператыўнай артэлі «Прагрэс». Зараз тэрыторыя і будынкі выкарыстоўваюцца будаўнічымі магазінамі “Практык” і “Максідом”.

Па ўспамінах старажылаў горада, у 30-я гады ХХ ст. на месцы, дзе цяпер абеліск, знаходзілася майстэрня па вырабу скур. Скуры выраблялі вельмі добрай якасці. Пад час Вялікай Айчыннай вайны на гэтым месцы размяшчаліся нямецкія ваенныя ўмацаванні. Яны ахоўвалі ўваход і выхад з Дзятлава.

За цяперашнім хлебакамбінатам размяшчалася конская бойня. Яшчэ адна бойня была на месцы, дзе цяпер знаходзіцца сырзавод.

Зберагліся дамы местачкоўцаў пачатку ХХ стагоддзя па цяперашняй вуліцы Горкага, якая адыходзіць ад плошчы ў напрамку на вёску Дварэц.

У асноўным, яны выкарыстоўваліся  пад жыллё.

Горкага.  Фота 2006 г.

У вуглавым доме №44 на скрыжаванні вуліц Горкага з Кастрычніцкай, у 1939-1941 гадах і пасля вайны размяшчаўся дзятлаўскі райвыканкам. У 70-х гадах ХХ ст. была гасцініца. Шэраг дамоў па гэтай вуліцы займала раённая  бібліятэка.

Фота 1998 г.

Вуліца Першамайская. Магчыма, калісьці называлася завулкам ці вуліцай Памарайскай, бо вяла да рэчкі Памарайка.

Фота 2006 г.

Дом №1  цяпер выкарыстоўваецца ўстановай Дзяржстраха. У 1848 годзе тут стаяў каменны дом, але архітэктурны выгляд яго невядомы. Моцна абгарэў у час пажару 1874 года,  быў адрамантаваны да 1894 года. Належаў Аўсею Дварэцкаму. У 50-60-я гады ХХст. ў ім знаходзіўся клуб райбыткамбіната, у 70-80-я гады – размяшчаўся суд.

Далей, на тэрыторыі квартала, дзе знаходзяцца двухпавярховыя дамы і да рэчкі Памарайка, у старажытныя часы былі старыя яўрэйскія могілкі, якія ужо ў 1848 годзе былі “упразднены”.

За домам быту знаходзіцца будынак, які да нядаўняга часу выкарыстоўваўся раённым аддзяленнем Міністэрства надзвычайных сітуацый.У пачатку ХХ-га стагоддзя тут размяшчалася сінагога – малельны дом яўрэяў. Другая сінагога была побач. Сінагог было тры, бо большасць насельніцтва мястэчка складалі яўрэі.

Фота 2006 г.

Жыхар Дзятлава І.І. Белавус успамінае: «У 1938 годзе я праводзіў перапіс насельніцтва ў Дзятлаве. Усяго тут пражывала 5763 чалавекі, з іх – 1620 хрысціян, гэта значыць католікаў і праваслаўных, астатнія – яўрэі».

Фота сінагогі.

 Бліжэй да рэчкі Памарайка, крыху далей за цяперашнім будынкам «Аграпрамбанка», яшчэ да 60-х гадоў ХХ ст. стаяла лазня. У ёй было мыйнае памяшканне, парылка, і нават ванны пакой.

Будынак не збярогся.

Пачатковая яўрэйская школа. Фота 30-х гадоў  ХХ ст.

Прыкладна там, дзе цяпер музей, стаяў вялікі будынак зубнога ўрача. У 20-30-я гады ХХ ст. ў гэтым будынку працавала пачатковая яўрэйская школа.У гады вайны ў ім размяшчаўся дзіцячы прытулак, які стварылі немцы з выхаванцаў піянерскіх лагераў Ленінграда, Арла, Смаленска і іншых расійскіх гарадоў. Пасля вайны ў будынку размяшчалася школа.

За музеем, далей па вуліцы Першамайскай, стаяў двухпавярховы дом. У ім у 30-я гады ХХст. знаходзілася бальніца.

Насупраць музея, дзе помнік Леніну, стаяў дом столяра Мікалаеўскага. Мікалаеўскі рабіў добрыя дзверы, вокны, іншую сталярку. На месцы помніка І.Ю.Філідовічу была майстэрня па вырабу кафлі. У час вайны тут рабілі шкіпінар. Месца называлася «лысая гара».

У кожнай вуліцы нашага гарадка свая гісторыя, якую мы павінны беражліва захоўваць, каб жыхары і госці атрымлівалі задавальненне ад прагулак па вуліцам Дзятлава.

Паводле кнігі Фёдара Красюка “Зецела або падарожжа па старых вуліцах Дзятлава”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: