Любімы горад, красуй у стагоддзях. Дзятлаву – 525! Дзятлаўшчына на карце 1613 года

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Назвы населеных пунктаў, рэк, азёр, урочышчаў і іншых мясцін нашай краіны змяняліся на працягу многіх стагоддзяў у залежнасці ад унутранага і знешняга фактараў, дамінуючай мовы аднаго з этнасаў, кіруючага класа і мовы афіцыйных папер, пры перадачы з вуснага вымаўлення на пісьмо.

Таямніцы гісторыка-картаграфічнага ланшафта мінуўшчыны Беларусі, занатаваныя на картах часоў Вялікага княства Літоўскага і Расійскай імперыі, раскрываюцца пры параўнанні з сучаснымі картамі.

На адносна невялікім па плошчы Дзятлаўскім раёне здаўна суіснавалі балцкі і славянскі этнасы, якія і сфарміравалі тапанімічны фон тэрыторыі. Раённы цэнтр горад Дзятлава месціцца па левым і правым беразе вярхоўя рэчкі Дзятлаўчанкі левага прытока Моўчадзі басейна Нёмана. Паселішча ўпершыню ўзгадваецца ў Інвентары 1498 г. назвай Здетел, якое належала Канстанціну Астрожскаму, нашчадку знакамітага ваяра вялікага гетмана літоўскага Канстанціна Іванавіча Астрожскага. Найменні Дзятлава, невялікіх пасяленняў і рэк раёна зафіксаваны на картах розных стагоддзяў, па якіх прасочваецца “гісторыя” іх моўнай трансфармацыі.

Дзякуючы  фінансавым і людскім сродкам Мікалая Крыштафа Радзівіла (Сіроткі) была завершана ў 1599 г. значная па тым часе праца: “Карта Вялікага княства Літоўскага і другіх прілягаючых краін з іх дакладным апісаннем”. Картограф з Сілезіі Мацей Струбіч быў адным з удзельнікаў яе падрыхоўкі. З картай працаваў і гравёр Тамаш Макоўскі. Не захавалася першае выданне карты надрукаванае прыкладна ў 1603 г. Потым яна была паўторана ў 1613 г. буйнамаштабнай картай 1:1300 000 у Амстэрдаме пад назвай “Magni Ducatus Lituamiae…”. Яе ўмоўна называюць картай Макоўскага і яшчэ Радзівілаўскай. На карце адлюстраваны населеныя пункты і водныя аб’екты, праўдзівасць і дакладнасць якой пацверджана навукоўцамі БДУ і Маскоўскага ўніверсітэта.

На карце Макоўскага паселішча Zieciola (Дзятлава) пазначана ў выглядзе будынка з высокім шпілем і двума пабудовамі з гостраверхімі дахамі. Размешчана заходней Nowogrodek (сучасны Навагрудак) і на правабярэжжы ракі Molciac (Моўчадзь) прытока ракі Niemen. Назва Моўчадзі суправаджаецца запісам: Niemen olim Chronon, што з лацінскага перакладаецца як “калісьці Хронон”. Дарэчы, рака Нёман на карце Пталемея (2 ст. н.э.) пазначана як Хрона, Хронан. Слова Chronon у лацінскім напісанні адпавядае грэчаскаму Χρόνος (Кронос). Вярхоўнае боства, згодна міфалогіі грэкаў, цітан, малодшы сын першага бога Урана (неба) і багіні –дземіўрга Геі (зямлі). Кронас лічыўся богам часу і земляробства. Яго атрыбутам быў серп.

Выток Моўчадзі з паселішча Mijs (сучасная Мыш) і пралягае праз Molczar, сучаснае паселішча Моўчадзь. На правабярэжжы ракі, на поўнач ад паселішча Molczar, адлюстравана паселішча Dworzei (Дварэц) у выглядзе складанай пабудовы самкнёных паміж сабой трох дахаў. Заходней ракі Моўчадзі нанесена рака Szczara (Шчара).

Ацэньваючы на карце суадносіны адлегласцяў паміж населенымі пунктамі з сучаснымі, яе маштаб “выцягнуты” па даўгаце. Вялікія і малыя паселішчы абазначаюцца кружочкамі рознага дыяметра, што на той час была прагрэсіўным і выкарыстоўваецца ў сучаснай картаграфіі. Карта Макоўскага першая на свой час падрабязная картаграфічная фіксацыя паселішчаў і рэк дзятлаўчыны, сваеасаблівы інфармацыйна-геаграфічны даведнік і дзейсны дакумент, больш дакладнейшы за пазнейшыя карты.

Пётр РУСАЎ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: