Квітней, любімае Дзятлава!

Важнае Грамадства

Такое пажаданне ад душы выказваюць дзятлаўчане, пацвярджаючы свае словы добрымі справамі.

У жылкамунгасе ж працуюць тыя, для каго росквіт роднага горада – паўсядзённая работа. Спецыялісты расказалі, якія кветкі сёлета зацвітуць у райцэнтры і пасёлках.

– Яшчэ восенню мы высадзілі ў горадзе каля 700 штук цыбульных раслін – цюльпаны, крокусы, нарцысы і геацынты, – пералічвае кветкавод Іна Стракоўская. – Іх цвіценне ўжо можна пабачыць у межах гарадской плошчы і прылеглых тэрыторый. З лютага мы пасеялі расаду кветак на новы сезон, якая цяпер расце і чакае высадкі ў маі-чэрвені.

– Якімі кветкамі сёлета будзеце радаваць дзятлаўчан?

– За аснову возьмем тыя віды, якія добра паказваюць сябе ў нашым клімаце, крыху паэксперыментуем з колерам. Высадзім пятуніі, геціс, сальвію, ільвіны зеў, цынерарыю, бягонію, коліус. Акрамя святочнага чырвонага колеру, будзе вішнёвы, пурпурны, сіні, фіялетавы розных адценняў, жоўты, белы, ружовы.

– Дзе ў Дзятлаве будуць самыя вялікія кветнікі?

– Традыцыйна высадзім клумбы на абеліску Славы, каля моста па вуліцы Чырвонаармейскай, на цэнтральнай плошчы, каля аддзела ЗАГС, помніка Іосіфу Філідовічу, на алеі Маці па вуліцы Навагрудскай. Нядаўна побач з юбілейным каменем на ўездзе ў Дзятлава быў устаноўлены паклонны крыж, так будзем ствараць новую клумбу.

– Ці будуць сюрпрызы?

– Абавязкова. Адзін з іх – пераўвасабленне тэрыторыі гарадскога парка па вуліцы Міцкевіча, дзе ўжо сёння дэмантаваны некаторыя вулічныя скульптуры. У бліжэйшы час там будуць устаноўлены камяні пясчаніку, прывезеныя з кар’ера ў Галаўлях, іх дапоўняць кветкавыя кампазіцыі. Сёлета падтрымліваць іх у тонусе будзе прасцей. Пры дапамозе раённага бюджэту машынны парк камунальнай гаспадаркі папоўніўся дзвюхтоннай бочкай з мотапомпай для вады, якую таксама будзем выкарыстоўваць для паліву раслін.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga