Хто ў клубе знатакоў, або Як трэніраваць інтэлект?

Важнае Грамадства

Каманда “6D” Гезгалаўскай сярэдняй школы, абышоўшы 14 іншых, стала пераможцай IV Рэспубліканскага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях “Што? Дзе? Калі?” сярод школьнікаў малых населеных пунктаў.

Трэнер каманды – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца гісторыі, яна ж педагог дадатковай адукацыі Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Ірына Шумская падзялілася вопытам, як узрасціць сапраўдных інтэлектуалаў:

– Інтэлектуальны кірунак стаў адным з многіх, якія ў 1998 годзе даручылі мне, выпускніцы гістарычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы, калі прыйшла працаваць педагогам-арганізатарам у Гезгалаўскую сярэднюю школу. У маёй сям’і падтрымлівалася традыцыя разам глядзець інтэлектуальныя гульні “Што? Дзе? Калі?”, “Брэйн-рынг”, “Разумнікі і разумніцы”, разгадваць крыжаванкі, таму прыхільнасць да пазнавання назаўжды засталася маім карысным захапленнем. З самага пачатку педагагічнай дзейнасці ў мяне не было ваганняў, ці прывіваць яго навучэнцам, тым больш што значная работа ў гэтым кірунку была зроблена дырэктарам Эдуардам Ненартовічам, які падзяліўся ўласнымі напрацоўкамі. Функцыянавалі ў нас і школьныя каманды ўдзельнікаў гульняў “Што? Дзе? Калі?”, а ў 2003 годзе ўзнікла ідэя стварыць інтэлектуальны клуб старшакласнікаў “ІКС”. Лідарам клуба, узяўшы першынство ў раённых чэмпіянатах па інтэлектуальных гульнях, стала каманда “Сафія”. Паспяховымі былі і каманды “Дзеці Нобеля”, “Ян і К°” (апошняя годна прадставіла Дзятлаўшчыну на рэспубліканскім чэмпіянаце па інтэлектуальных гульнях у 2014 годзе).

– Ірына Мікалаеўна, калі з’явілася каманда “6D”?

– Яна была створана ў 2017 годзе з пяцікласнікаў, якім усё было цікава. Бацькі дзяцей таксама натхніліся ідэяй інтэлектуальных гульняў, разам ездзілі на турніры, хварэлі, перажывалі. У 2020 годзе навучэнцы сталі абласнымі лідарамі гульні “Што? Дзе? Калі?”, яшчэ праз год занялі трэцяе месца ў абласным чэмпіянаце “Свая гульня”, які праходзіў у анлайн-рэжыме.

– Як знаходзіце паспяховых гульцоў і рыхтуеце іх?

У школе праходзяць тыдні інтэлектуальных гульняў, праводзяцца заняткі па інтарэсах “Што? Дзе? Калі” раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Удзел прымаюць усе жадаючыя, а мы заўважаем найбольш матываваных, прапаноўваем ствараць каманды, рыхтавацца. Для трэніроўкі знатакоў неабходна вялікая колькасць матэрыялу. Калі не было інтэрнэту, мяне выручалі кнігі Максіма Паташова, Леаніда Клімовіча, метадычныя дапаможнікі Гродзенскага дома творчасці дзяцей і моладзі для трэнераў інтэлектуальных каманд. Сёння ж у адкрытым доступе ёсць вялікая база пытанняў розных гадоў. Праз групу “ВКонтакте” “Гроднаінтэлект” вопытам дзеліцца прадстаўнік Беларускай лігі інтэлектуальных каманд Гродзенскай вобласці Сяргей Вераціла.

Каб заставацца ў добрай форме, камандзе неабходны не толькі трэніроўкі, але і рэгулярны ўдзел у турнірах. Кожны год мы выступаем на раённым і абласным этапах рэспубліканскага асінхроннага і сінхроннага чэмпіянатаў “Што? Дзе? Калі?” сярод школьных каманд, чэмпіянаце вобласці “Свая гульня”, абласным чэмпіянаце на кубак “Сталёвы пацук” у Лідзе, а ў 2022 годзе ўпершыню падалі заяўку на рэспубліканскі чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях “Восень-2022”. У мінулагоднім снежні гезгалаўскай камандзе ўсміхнулася ўдача на раённым этапе асінхроннага турніру, па выніках якога прайшлі на абласны занальным этап, дзе сталі пераможцамі сярод 17 каманд-удзельніц. “6D” была запрошана на фінал рэспубліканскага конкурсу інтэлектуальных гульняў сярод школьных каманд малых населеных пунктаў, дзе і атрымала ўпэўненую перамогу.

– Раскажыце пра знатакоў падрабязней.

– Кожны член каманды адораны і паспяховы. Капітан Аляксандра Барабан – пераможца абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай адукаванасці, неаднаразовы прызёр раённай алімпіяды па рускай і беларускай мовах, пераможца заключнага этапу абласной алімпіяды па рускай мове 2021 года, шматразовы прызёр творчых конкурсаў, выдатна іграе на скрыпцы, гітары, нязменная вядучая школьных мерапрыемстваў.

Анастасія Сазановіч – абласны прызёр алімпіяд па рускай мове і біялогіі, спявае ў вакальнай студыі “Вытокі”, грае на фартэпіяна, актыўна займаецца валейболам.

Дар’я Вараб’ёва паспяховая ў спорце, пераможца раённага этапу алімпіяды па хіміі, прызёр абласнога па грамадазнаўстве.

Соф’я Лотыш радуе не толькі ведамі, але і поспехамі ў алімпіядзе па працоўным навучанні, ігрой на скрыпцы.

Дар’я Лашкоўская, акрамя спорту, захапляецца англійскай мовай, з’яўляецца прызёрам раённага этапу алімпіяды па гэтым прадмеце. Ведамі па геаграфіі і любоўю да футбола вылучаецца Даніэль Грыгарэнка, яго канёк – нестандартнае хуткае мысленне.

Яўген Емяльянчык паспяхова рашае галаваломкі, з дзіўнай хуткасцю збірае кубік Рубіка.

У Мацвея Шыкуця – матэматычныя здольнасці, ён неаднаразова станавіўся прызёрам раённай алімпіяды, нядаўна захапіўся чарчэннем.

Усе разам нашы знатакі складаюць выдатную каманду, у планах якой прыняць удзел у абласным чэмпіянаце “Свая гульня”, які пройдзе ўжо ў красавіку.

– Ці ёсць інтэлектуалы-выпускнікі, якімі ганарыцца школа?

– Безумоўна, нашы знатакі паспяховыя не толькі ў гульнях, але і ў жыцці. Капітан каманды “Ян і К°” Валерыя Міхалойць скончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Марта Рудзік ажыццявіла сваю мару: пасля ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС клапоціцца аб пажарнай бяспецы людзей. Ангеліна Басай атрымала 100-бальны вынік на ЦТ па матэматыцы, скончыла факультэт міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, працуе ў міжнароднай кампаніі.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Ірынай Шумскай

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga