“Формула поспеху” маладога дырэктара

Важнае Грамадства

На Гродзеншчыне падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют” для маладых настаўнікаў, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, дырэктараў школ.

У ліку трох пераможцаў – дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Марына Нячай. Адзін з іх ужо сёлетняй восенню будзе прадстаўляць Прынёманне на заключным этапе фестывалю.

Цікава было даведацца ў маладога кіраўніка аб конкурсе і сакрэтах паспяховасці.

– Марына Міхайлаўна, якім быў ваш “Педагагічны дэбют”?

– Гэты фестываль праходзіць упершыню і скіраваны на стымуляванне прафесійнага росту маладых педагогаў, павышэнне прэстыжу педагагічных спецыяльнасцяў. Яшчэ ў 2022 годзе да ўдзелу ў конкурсных іспытах нас запрасіў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Спачатку адбыўся завочны этап, на якім ацэньваліся эсэ, метадычныя распрацоўкі педсаветаў, планы-канспекты вучэбных заняткаў. Па выніках я “перайшла” ў наступны вочны тур, які праходзіў з 5 па 7 красавіка ў Гродне. На гэты раз неабходна было прадставіць творчую прэзентацыю “Я і мая каманда”, майстар-клас кіраўніцкай дзейнасці, публічнае выступленне “Формула майго поспеху”. Па ўсіх заданнях атрымала высокі бал і аказалася сярод пераможцаў намінацыі “Малады дырэктар установы, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі”. Безумоўна, поспех – гэта не толькі мая заслуга, але і вынік работы ўсёй каманды педагогаў школы, памножаны на падтрымку раённага аддзела адукацыі.

– Ці вялікі ў вас “дырэктарскі” стаж?

– У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава працую з 1 верасня 2022 года. Да гэтага больш за год была дырэктарам Хвінявіцкай сярэдняй школы, што паслужыла своеасаблівай пляцоўкай для старту. Безумоўна, у райцэнтры педагагічны калектыў большы, як і колькасць дзяцей, іх бацькоў, таму праблем і пытанняў дастаткова. Але, як па мне, дык цікавей менавіта там, дзе складана, бо хто не рухаецца, той ідзе назад.

– Ці проста быць кіраўніком?

– Складана, асабліва калі ты малады і яшчэ малавопытны. Аднак мяне выручае работа ў якасці намесніка старшыні моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, удзел у грамадскіх аб’яднаннях “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, “Белая Русь”, у “школе пачынаючага кіраўніка”, з’яўляюся і ўдзельнікам абласнога клуба “Перспектыва” для кіраўнікоў са стажам да 3-х гадоў Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Надзейнае плячо падстаўляюць мае вопытныя і мудрыя намеснікі. Мае маладосць, крэатыўнасць, творчасць плюс іх талент і веды робяць нашу каманду паспяховай. Пасільную дапамогу аказваюць бацькі і законныя прадстаўнікі вучняў, якія ахвотна ўдзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах і акцыях.

– Конкурс яшчэ не завершаны?

– Рэспубліканскі заключны этап пройдзе ў Мінску напярэдадні Дня настаўніка. З трох абласных пераможцаў для ўдзелу ў ім будзе выбраны толькі адзін. Момант вельмі хвалюючы, тым больш што конкурс арганізаваны ўпершыню і за ім уважліва сочаць, аднак няхай пераможа мацнейшы і годна прадставіць Гродзеншчыну на ўзроўні рэспублікі.

Ірына СТЫРНІК       

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga