Дзякуй за мірнае неба!

Галоўнае Грамадства Падзеі

Напярэдадні майскіх урачыстасцяў, прысвечаных святкаванню чарговай гадавіны Вялікай Перамогі, гасцей сустракаў  ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сцяпан Сафонаў.

З прыемнай місіяй яго наведалі намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель і начальнік Дзятлаўскага ўчастка паштовай сувязі РУП “Белпошта” Наталля Цітова.

На Дзятлаўшчыне праходзяць мерапрыемствы па выплаце матэрыяльнай дапамогі згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2021 года № 281 “Аб выплаце штогадовай матэрыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян да Дня Перамогі”. Сцяпан Маісеевіч таксама атрымаў ад дзяржавы адзінаразовую матэрыяльную выплату, а разам з ёй – кветкі і шчырыя пажаданні ад дзятлаўчан.

Дзмітрый Баравік падзякаваў ветэрану за гераізм у гады вайны і мірнае неба над галавой беларусаў.

– На жаль, з кожным годам удзельнікаў і відавочцаў гераічнага і трагічнага мінулага становіцца ўсё менш. Таму наш абавязак – дапамагаць ім, выказваць пашану, акружаць іх увагай і клопатам. Падчас кожнай падобнай сустрэчы мы ганарымся і радуемся таму, што можам пагутарыць з людзьмі, якія сваімі подзвігамі, намаганнямі і працай захавалі нашу выдатную краіну, – адзначыў Дзмітрый Расціслававіч.

Алена Васкель пажадала ветэрану здароўя, бадзёрасці і аптымізму. Наталля Цітова далучылася да словаў віншавання і ўручыла Сцяпану Маісеевічу выплату, пажадала ў добрым настроі адзначыць Дзень Перамогі. Навучэнцы і педагогі Раклевіцкай базавай школы падрыхтавалі вершаваную паштоўку і кветкі.

78-ю пераможную вясну ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сцяпан Сафонаў сустрэне на Дзятлаўшчыне. Сюды ён пераехаў з Гродна да ўнучкі Кацярыны Рэйба, якая даглядае дзядулю. Апошнім часам ветэрана непакояць праблемы са здароўем, але ён і цяпер помніць, як абараняў Айчыну ад фашысцкай навалы, ахвотна дзеліцца фактамі сваёй біяграфіі са школьнікамі.

Сцяпан Маісеевіч нарадзіўся ў вёсцы Картаўшчына, што на Смаленшчыне. Ён узгадвае, што на фронт адправіўся ў 16-гадовым узросце. Сцяпан Сафонаў ваяваў у саставе танкавых войскаў 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў, удзельнічаў у вызваленні Беларусі і краін Балтыі, прайшоў баявы шлях ад Вялікіх Лукаў да Кёнігсберга. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, юбілейнымі медалямі.

Нягледзячы на тое, што ў апошнія гады Сцяпан Сафонаў жыў у Гродне і з’яўляецца ганаровым жыхаром абласнога цэнтра, ёсць у яго біяграфіі старонка, звязаная з Дзятлаўшчынай. Тут мужчына працаваў з 1951 па 1963 год на Боркаўскім крухмальным заводзе, у Раготнаўскім МТС, спажывецкай кааперацыі.

Нягледзячы на шаноўны ўзрост (нядаўна яму споўнілася 95 гадоў), ветэран мае актыўную грамадскую пазіцыю, лічыць Дзень Перамогі адным з самых важных святаў у нашым календары і дае наказ падрастаючаму пакаленню:

– Для мяне 9 Мая – галоўнае свята. Дзеля гэтага тады змагалася наша пакаленне, дзеля гэтага многія аддалі свае жыцці. Хачу, каб вы, маладыя, і далей жылі і квітнелі, прадаўжалі лепшыя мірныя пачынанні бацькоў і дзядоў.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga