Беражыце сябе для сябе – замены не будзе

Важнае Грамадства

З 1 красавіка па 1 мая 2023 года аб’яўлены месячнік бяспекі працы ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу падчас правядзення вясновых палявых работ.

Перад кіраўнікамі і спецыялістамі сельгаспрадпрыемстваў Дзятлаўскага раёна пастаўлены задачы па забеспячэнні здаровых і бяспечных умоваў працы пры падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі і вытворчасці работ на зямлі. Мабільнымі групамі, створанымі пры райвыканкамах, арганізоўваюцца рэйды па абследаванні ўсіх аграпрамысловых аб’ектаў.

У адпаведнасці з зацверджаным графікам мабільная група Дзятлаўскага райвыканкама пачала работу з абследавання стану ўмоваў працы і выканання работнікамі заканадаўства аб ахове працы ў мехмайстэрнях СГФ “АграМілк” у аграгарадку Раклевічы. Праверылі санітарна-бытавыя ўмовы, кабінет па ахове працы, пакой прыёму ежы. Зараз тут вядзецца капітальны рамонт.

Далей шлях мабільнай групы ляжаў на палі каля Труханавічаў, дзе вялі сяўбу, а пасля – каля Яцвезі, дзе ўносілі арганічныя ўгнаенні.

Асаблівую ўвагу звярнулі на стан здароўя работнікаў і забяспечанасць механізатараў сродкамі індывідуальнай абароны. Выконваючы работу, трактарыст застаецца сам-насам са сваім “жалезным канём”, і ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі аказаць дапамогу будзе складана.

Не абышлося без заўвагаў. Напрыклад, у такарным аддзяленні рамонтных майстэрняў у Раклевічах заточны станок не адпавядаў патрабаванням бяспекі. У аптэчках трактароў, якія працавалі ў полі, адсутнічалі неабходныя сродкі для аказання дапамогі пры рабоце з пестыцыдамі (сродкамі абароны раслін), аграхімікатамі і мінеральнымі ўгнаеннямі. У Івязі пры ўнясенні арганікі трактар МТЗ-1523 у счэпцы з раскідвальнікам ПС-10 не ў поўным аб’ёме быў укамплектаваны першаснымі сродкамі пажаратушэння. На гэтым жа трактары, а таксама і на іншых, ахоўны кажух карданнага вала не забяспечваў бяспеку працы – ёсць доступ да яго рухомых частак. Дадаткова па выяўленых у ходзе абследаванняў заўвагах кіраўніку гаспадаркі будуць накіраваны рэкамендацыі па іх ліквідацыі і недапушчэнні ў будучым.

У мэтах прафілактыкі траўматызму і павышэння пачуцця адказнасці за ўласную бяспеку члены раённай мабільнай групы нагадалі работнікам сельскагаспадарчага філіяла, што ўсе аперацыі па тэхнічным абслугоўванні тэхнікі выконваюцца пры спыненай машыне, непрацуючым рухавіку і выключаным вале адбору магутнасці. Пры тэхнічным абслугоўванні ў палявых умовах навясныя машыны і прылады неабходна апускаць на зямлю, педаль тормазу трактара ўсталёўваць у затарможанае становішча. Ні ў якім разе нельга прыступаць да работы ў стане алкагольнага ап’янення, пры дрэнным самаадчуванні, без інструктажу, праверкі ведаў па пытаннях аховы працы, без выкарыстання сродкаў індывідуальнай абароны. Не дапускаецца выкарыстанне няспраўнага інструмента і прыстасаванняў.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga