11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Культура і адпачынак Свежыя навіны

Увасабленне ада на зямлі…

Для заняволення і знішчэння людзей на Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны  гітлераўцы стварылі сістэму канцэнтрацыйных лагераў і турмаў, дзе без суда і вызначэння тэрміну заключэння знаходзіліся дзесяткі тысяч людзей. Усяго на тэрыторыі Беларусі было звыш 260 лагераў смерці, 170 гета, звыш 500 мест прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва, у якіх знішчана каля 1,4 мільёнаў чалавек.

Пры правядзенні пракуратурай Рэспублікі Беларусь расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны было дапытана звыш 3тысяч вязняў нацысцкіх лагераў. Па сведчанням жывых відавочцаў, людзі ўтрымліваліся ў бараках, дзе адсутнічалі гігіенічныя ўмовы. Зімой паміралі ад пераахалоджвання і хвароб. За парушэнне рэжыму, а бывала і беспрычынна, іх білі гумавымі палкамі, бізунамі з металічнымі канцамі. Пры вельмі кепскім харчаванні, працаваць застаўлялі па 12-14 часоў. Памерлых людзей палілі ў печах, пасля пеплам удабралі палі.

У канцлагеры “Трасцянец” знішчана каля 540 тысяч чалавек. Да сённяшняга часу дакладна не ўстаноўлена колькасць ахвяр і іх імёны.

“Азарычы” – створаны ў сакавіку 1944 года комплекс, які складаўся з трох нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў. У лагеры ўтрымлівалася больш за 50 тысяч чалавек, з якіх звыш 16 тысяч загінулі. Людзей зганялі за абгароджаную калючым дротам балоцістую мясцовасць, дзе вязні знаходзіліся пад адкрытым небам. Падходы да лагера былі замініраваны. Людзей не кармілі. Каб сагрэцца, ім прыходзілася здымаць вопратку з трупаў. Па ўспамінах відавочцаў : “Дарослыя складалі з трупаў домікі і хавалі там дзяцей для таго, каб хоць крышку абагрэцца і захаваць дзецям жыццё. Фашысты кідалі дзецям пячэнне, а затым натраўлівалі сабак, якія рвалі дзяцей жывымі.”

Калі чуеш такое, жудасна і горка на душы. Няўжо чалавек такое мог тварыць.

У 1943 годзе, калі ў Германіі паўстала пытанне недастаючай рабочай сілы, вырашаць яго фашысты сталі за кошт моладзі беларускіх гарадоў і вёсак. Беларускі народ – працавіты і паслухмяны –і гэта добра ведалі фашысты.

На старонках газеты “Перамога” №8 за 1994 год чытаем успаміны нашых землякоў, якія былі вывезены  ў Германію на працу.

14-гадовым хлапчуком быў вывезены Яўген Горбач з Вензаўца. Працаваў у канцэрне “Фарбеніндустрыя” . З яго расказа работа была цяжкай, а давалі ў суткі толькі 200 грамаў хлеба, ды два разы па місцы баланды. А нядзеляй не кармілі зусім, таму што не працавалі. Абутак выдавалі драўляны, а вопратку –парваную.

Алена Макарэвіч з Мядзвінавіч была вывезена, калі ёй споўнілася крыху больш дванаццаці гадоў. А там, у нямеччынне, яна капала акопы, траншэі, працавала на будоўлі.

Шмат дзяўчынак было вывезена з Хадзяўлян: Валянціна Вітко, Ганна Франюк, Валянціна Шавель, Соф’я Ванчук. З іх расказа яны ўсе працавалі на фабрыцы ў г. Бэбра. Лагер размяшчаўся ў сямі кіламетрах ад горада. На работу вазілі штодзень. Дарослых бралі на больш цяжкія работы, малодшым падбіралі штосьці лягчэйшае. Але ж, па іх успамінах, ўсім было адно гора. Там, на чужбіне, яны лічыліся людзьмі другога сорту, абыходзіліся зімі як з жывёлай.

Шмат дзяўчынак і хлопчыкаў было вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Па-рознаму склаўся іх лёс: многія восенню 1945 года вярнуліся дамоў, некаторыя паехалі на Захад, а хтосьці загінуў і назаўсёды застаўся ляжаць ў чужоў зямлі.

Сёння на Дзятлаўшчыне пражываюць дзевяць вязняў фашысцкіх канцлагераў, яшчэ ўчора іх было дзесяць. 10 красавіка 2023 года на 90-м годзе з жыцця пайшла Капціловіч Яўгенія Майсееўна. Яна была вывезена ва ўзросце 10 гадоў, разам з мамай, у г.Тэрэзін (Чэхія). Працавалі яны ў нямецкай сям’і, як прыслуга. Дзевяць месяцаў на чужоў зямлі. Пасля вызвалення вярнуліся ў родную вёсачку Буйновічы Лельчыцкага раёну Гомельскай вобласці. На Дзятлаўшчыне сям’я Яўгеніі Майсееўны пражывае з 1970-х гадоў.

Светлая памяць тым, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, тым, каго сёння няма з намі. Прайшоўшы гара і пакуты таго часу, яны не здаліся і ў мірны час працавалі на дабрабыт іх радзімы і народа.

Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна ў дзень памяці вязняў фашысцкіх канцлагераў наведалі Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, асаблівалі іх цікавіла выстаўка “Нельга забыць, нельга зразумець, нельга апраўдаць” у памяць аб ахвярах генацыда мірнага насельніцтва Дзятлава і Дзятлаўскага раёна.

Вольга ЦЮШЛЯЕВА,
дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga