У рытме танца – у дзевяностую вясну

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Радасна і бадзёра, з танцамі-скокамі пад жывыя гукі гармоніка сустракала свой юбілейны дзень нараджэння наша шаноўная зямлячка з вёскі Буйкі Любоў Белавус.

З праектам “Глыбінкай жыве Беларусь” павіншаваць доўгажыхарку і даведацца яе ўнікальны сакрэт даўгалецця прыехалі артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Ганна Харлінская і Ірына Бакшук, музычным суправаджэннем іх падтрымліваў Іван Кашко, з падарункам для імянінніцы ад раённага савета ветэранаў далучылася сакратар аб’яднання Ядвіга Гушча.

Госці зычылі Любові Іванаўне моцнага здароўя і бадзёрасці духу на доўгія гады, заўсёды заставацца такой жа вясёлай і аптымістычнай, як у сваю 90-ю вясну.

З задавальненнем імянінніца не толькі паслухала вясёлыя песні, але і падзялілася з артыстамі асабістым “рэцэптам” даўгалецця. Яна лічыць, што не скарацца хваробам ёй дапамагае аптымізм, вера ў Бога, любоў да людзей і, вядома ж, блізкія людзі. Любоў Белавус выгадавала сына і трох дачок, цяпер яе радуюць 8 унукаў, 10 праўнукаў. У сваім шаноўным узросце не цураецца яна фізічных нагрузак – кожны дзень робіць практыкаванні, а ў сезон – ездзіць на веласіпедзе, яшчэ чытае газеты, спраўляецца з хатнімі справамі, вяжа на спіцах.

Сучаснай моладзі доўгажыхарка жадае таксама быць актыўнымі, працавітымі, рабіць больш дабра, бо яно абавязкова вяртаецца шчасцем, радасцю і дабрабытам.

Тэкст і фота Ганны ХАРЛІНСКАЙ,
загадчыцы сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga