Школьны мерыдыян

Грамадства Свежыя навіны

Сезон гульняў працягваецца

У гімназіі № 1 горада Дзятлава ў рамках праекта “Інтэлектуальны марафон” адбылася чарговая гульня “Эрудыкон”. На гэты раз яе ўдзельнікамі сталі знаўцы біялогіі і хіміі, каманды складаліся з вучняў 6-11 класаў. Адбыліся 3 раўнды, якія ўключалі ў сябе займальныя пытанні рознай складанасці. У час гульні яе ўдзельнікі мелі магчымасць яшчэ і папоўніць свае веды пра дасягненні беларускіх навукоўцаў у галіне біятэхналогіі, хімічнай прамысловасці і медыцыны. Напрыканцы пераможцы атрымалі дыпломы, а найбольш актыўныя гульцы і гледачы – “Сертыфікаты ўдзельнікаў”.

Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі прайшоў сёлета пад назвай “Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля мая, зямля бацькоў святая!”.

На ўрачыстай лінейцы лепшыя знаўцы роднай мовы і літаратуры былі ўзнагароджаны медалямі за перамогу ў рэспубліканскай гульні-конкурсе  “Буслік-2022”.

Прайшлі разнастайныя мерапрыемствы, падчас якіх юныя мастакі прадставілі свае маляўнічыя выявы прыроды Беларусі, аказалася, што не так проста для вучняў адкрываюцца “Таямніцы родных слоў”, стартаваў і анлайн-чэлендж “Радзіма ў маім сэрцы”, у якім прынялі ўдзел тыя, хто ўмее не толькі бачыць прыгажосць, але і зафіксаваць гэтыя імгненні на фота. Шмат досціпу, жартаў, самабытнасці беларусаў было на гульні “Чароўны квадрат”. Удзел у анлайн-конкурсе выразнага чытання “Паэзіі радок чароўны”, вандроўкі па краіне беларускіх казак, анлайн-алімпіяда па беларускай мове і літаратуры, экскурсія ў гімназічны музей з мэтай знаёмства з культурай і побытам нашых продкаў – выбірай на любы густ.

На працягу ўсяго тыдня ў бібліятэцы працавалі выставы “Пісьменнікам-юбілярам прысвячаецца…”, “Люблю родную мову, люблю свой родны край”.

Заўжды гатовы!

Семінар у фармаце мітап-сесіі, дзе была прадстаўлена панарама вопыту ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў, адбыўся ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе. На сустрэчы прысутнічалі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч, намеснік ваеннага камісара, начальнік мабілізацыйнай групы ваеннага камісарыята маёр Аляксандр Бургун. Вучні 8-11 класаў дэманстравалі паказальныя выступленні агляду строю і песні, а таксама адбылося пасяджэнне ваенна-патрыятычнага клуба “Мужнасць” на тэму “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць”.

Чым жыве школа?

Вучні 4-7 класаў Раклевіцкай базавай школы пабывалі на экскурсіі ў музеі Дварэцкай сярэдняй школы.

Уважліва слухалі дзеці і дарослыя аповед кіраўніка Сяргея Каско, асабліва зацікавіла іх экспазіцыя, прысвечаная землякам, якія адказна выконвалі свой грамадзянскі і ваенны доўг у Афганістане.

Вялікае значэнне ў школе надаецца і развіццю фізічных навыкаў школьнікаў. Так, выхаванцы дашкольнай групы прынялі ўдзел у фізкультурным свяце, дзе  яны дружна выконвалі заданні, праяўлялі свой спрыт і ўменні.

Хлопчыкі старэйшага і малодшага ўзросту спаборнічалі ў сваіх уменнях праз бліц-апрос, у якім удзельнічалі каманды настаўнікаў і навучэнцаў.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga