Равеснікі Канстытуцыі. Быць паспяховым у сваёй краіне

Грамадства Свежыя навіны

15 сакавіка беларусы адзначаюць дзяржаўнае свята – Дзень Канстытуцыі.

Гісторыя яго існавання налічвае менш за тры дзесяцігоддзі, аднак за гэты час вырасла і рэалізавала сябе цэлае пакаленне маладых, амбіцыёзных, творчых беларусаў. У праекце газеты “Перамога” знаёмім вас з равеснікамі Канстытуцыі.

Калі ў чалавека ёсць мэта, яго не спыняюць ніякія перашкоды. Міліцыянер узвода міліцыі Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы, ураджэнец Лідскага раёна Алег Андрушкевіч узяў лёс у свае рукі і атрымаў работу мары, дзеля якой пераехаў у суседні раён.

З Дзятлаўшчынай мужчына знаёмы даўно: пасля заканчэння Лідскага каледжа па спецыяльнасці “тэхнік-будаўнік” паўтара года працаваў майстрам ва ўпраўленні спецыяльных работ ААТ “Будкомплекс” у горадзе Дзятлаве. Алег Янавіч удзельнічаў у праектах рэканструкцыі і добраўпарадкавання, рамонту і мадэрнізацыі нашага раёна, таму дзятлаўская зямля стала для яго блізкай. Аднак не сферу будаўніцтва малады чалавек хацеў бачыць справай свайго жыцця.

Тэрміновая служба ў радах Узброеных Сіл, якую ён праходзіў у аўтамабільных войсках у Барысаве,  на крок наблізіла Алега Андрукевіча да запаветнай мары – служыць людзям, ахоўваць закон і правапарадак. Ён  вырашыў паступіць на службу ў Лідскі аддзел Дэпартамента аховы, паказаў добрыя вынікі субяседавання і прафпрыдатнасць. Але падвяла медыцынская камісія, у час якой высветліліся праблемы са зрокам. Аднак гэта не спыніла настойлівага юнака: ён зрабіў карэкцыю зроку, каб у хуткім часе зноў паспытаць шчасця ўжо на Дзятлаўшчыне. І тут усё склалася так, як было задумана: у 2020 годзе Алег Андрушкевіч папоўніў дружны калектыў Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы. Пры ўдзеле раённых уладаў атрымаў арэндную кватэру, якая стала першым жыллём маладой сям’і Андрушкевічаў.

Па словах Алега Янавіча, служба падабаецца: міліцыянер праходзіць яе на адным з трох ключавых пастоў – у рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы “Наваельня”. Але нават здымаючы форму ў выхадны дзень або вольны ад работы час, ён застаецца афіцэрам, чалавекам абавязку і сумлення, гатовым прыйсці на дапамогу бліжняму і абараніць пакрыўджаных.

– Ці важны для вас той факт, што вы – равеснік нашай Канстытуцыі?

– Я ўдзячны лёсу, які дазволіў атрымаць разнастайны вопыт і зрабіць правільны выбар у жыцці. Нягледзячы на тое, што некаторы час працаваў па будаўнічай спецыяльнасці ў бліжэйшым замежжы, меў перспектывы, хутка зразумеў, што там я чужы, не змагу рэалізаваць сябе далёка ад Радзімы, – расказаў Алег Янавіч. – Па-сапраўднаму раскрыцца можна толькі ў сваёй краіне.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga