Праз выпрабаванні — да мірнага жыцця

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Свае падарожжы па аддаленых вёсках Дзятлаўшчыны прадаўжае праект “Глыбінкай жыве Беларусь” сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. На гэты раз яго маршрут быў пракладзены ў вёску Харабровічы.

Знайшлася і адметная нагода: свой 98-ы дзень нараджэння святкаваў мясцовы доўгажыхар Сяргей Рабец. Самыя цёплыя віншаванні, шчырыя пажаданні, вясёлыя песні прагучалі для Сяргея Фёдаравіча ад Ганны Харлінскай, Ірыны Бакшук і Таццяны Янушкевіч. Земляку шаноўнага ўзросту госці зычылі здаровага даўгалецця, душэўных cіл, бадзёрасці духу, клопату блізкіх людзей.

Шмат выпрабаванняў было на жыццёвым вяку імянінніка, многія з іх да гэтага часу бярэдзяць яго сэрца, асабліва тыя, што звязаны з Вялікай Айчыннай вайной. Калі яна пачалася, Сяргей Рабец быў падлеткам, а таму ў час акупацыі разам з іншымі маладымі землякамі яго вывезлі на работы ў Германію, ён з’яўляецца непаўналетнім вязнем. Пра перыяд жыцця ў чужой краіне расказвае не вельмі шмат, але ў дзіцячую памяць урэзаліся пачуцці голаду, прыгнечанасці, пастаяннай стомленасці. Як зазначае, і сярод ворагаў людзі сустракаліся розныя: адзін мог і за вясёлы настрой перацягнуць бізуном па плячах, іншы ж дазваляў крыху адпачыць. Шкадавалі галодных падлеткаў-вязняў і некаторыя нямецкія “фрау”. Паколькі карміць такіх работнікаў насельніцтву было строга забаронена, то жанчыны ўпотай клалі для іх прадукты ў розных месцах. Дзеці знаходзілі і падмацоўвалі свае сілы. Моцны малады арганізм Сяргея не даў яму загінуць ад голаду і хваробаў, Бог збярог ад куляў і бамбёжак.

Вярнуўшыся на малую радзіму, юнак адпачываў не доўга, бо прыспеў час ісці ў армію на тэрміновую службу, яна тады доўжылася 3 гады. Увесь гэты час наш зямляк адслужыў у расійскім Тамбове на аэрадроме. Дома на Дзятлаўшчыне чакала працоўная вахта. Спачатку Сяргей Рабец пайшоў на перавозку лесу. У час такіх вандровак неаднойчы даводзілася кватараваць у розных гаспадароў. Так у вёсцы Хамічы пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй Іванаўнай, якая на некалькі гадоў была малодшай за яго, а спадабалася за бойкі характар. Поруч прайшлі праз доўгае сямейнае жыццё, але больш за дзесяцігоддзе Сяргей Фёдаравіч крочыць па ім адзін. Цяпер бацьку даглядае сын Сяргей, а ўсяго з жонкай на ногі яны паставілі чацвёра дзяцей, ёсць у доўгажыхара па 8 унукаў і праўнукаў, адзін прапраўнук.

Пасляваенную маладосць і працоўныя гады пастухом у гаспадарцы, хаця і былі яны няпростымі, імяніннік узгадвае як самы шчаслівы свой час, любіць паўтараць: “Добра, весела было ў вёсцы”. Расказвае, што яго Марыя была здатнай гаспадыняй, смачна гатавала, сама выпякала духмяны хлеб на аеры, а па святах – пірагі з розным начыненнем. Усе стравы для вялікай сям’і гатавала ў печы, таму і атрымліваліся яны на дзіва смачнымі. Узімку хадзіла з жанчынамі на вячоркі, дзе разам пралі і ткалі.

Яшчэ Сяргей Фёдаравіч памятае ранейшыя вясковыя танцы і святы са скрыпкай і гармонікам, зазначае, што ладзіліся яны звычайна ў самай прасторнай хаце, пад святло газоўкі, бо электрычнасць у вёсках з’явілася не адразу. Цікава праходзілі і мясцовыя вяселлі, прычым яго жонка Марыя таксама была на іх у ліку музыкаў – садзілася за барабан.

Аптымізм, працавітасць і разважлівасць Сяргей Рабец лічыць складальнікамі свайго сакрэту даўгалецця, раіць і цяперашняй моладзі займець такія якасці, а яшчэ жадае сучаснікам, каб яны ніколі не зведалі тых жахаў вайны, праз якія давялося прайсці яму самому.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: