Любімы горад, красуй у стагоддзях. Дзятлаву – 525! Вуліцы мястэчка

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Наша падарожжа па мястэчку працягваецца і зараз мы пройдземся па старых вуліцах Дзятлава.

Пачнём з адной са старажытных – вуліцы Леніна, раней вуліца Замкавая, Ліпавая, Дворная, Слонімская, Касцельная. Дарэчы аб назвах. У старажытныя часы назвы вуліц адпавядалі накірунку да тых населенных пунктаў, куды яны вялі. Так, напрыклад, у Дзятлаве былі вуліцы: Слонімская (сучасная Чырвонаармейская) вяла ў накірунку да Слоніма, Навагрудская (назва засталася) вяла да Навагрудка, Дварэцкая (Фрунзе) – да Дварца, Савіцкая (Кастрычніцкая) – да вёскі Савічы. Некаторыя вуліцы зніклі, назвы засталіся, але дзе яны былі, вызначыць ужо цяжка. Напрыклад, былі вуліцы Саменая, Дворная, Дубатоўкаў, завулкі Памарайскі, Беліцкі.

Фота 30-х гадоў ХХ ст.

Вуліца Леніна. Як і вакол плошчы, тут таксама стаялі дамы-майстэрні, дамы-крамы дзятлаўскіх местачкоўцаў. Шыльда перад домам на фотакартцы відавочна паказвае прафесійны занятак гаспадара дома. Увогуле, калі ўважліва прыглядзецца да старых дамоў, можна заўважыць адну асаблівасць – дзверы выходзяць на вуліцу. Каб зручней заходзіць, бо тут крама, чайная, майстэрня. Дакладна невядома, якія дамы, майстэрні, крамы знаходзіліся на гэтай вуліцы. Ёсць звесткі аб асобных пабудовах толькі з успамінаў старых людзей.
Па левым баку вуліцы пасля вайны 1941-1945гадоў яшчэ стаялі маленькія домікі местачкоўцаў. У 40-50-я гады тут размяшчаліся розныя дзяржаўныя ўстановы: нарыхтоўчая кантора, ашчадная каса, гарадскі савет, швейнаямайстэрня.
Перад самым мосцікам праз рэчку Памарайка размяшчаліся будынкі Дзятлаўскага вінаробчага завода. Завод працаваў тут у 50-60-я гады. Потым яго перавялі ў Казлоўшчыну. Будынкі зберагліся часткова.

Фота 2006 г.

Далей праз рэчку Памарайка, дом № 13 – цяпер плябанія ксяндза. У 30-я гады дом, які стаяў на гэтым месцы, належаў сыну багатага местачкоўца Арцішэўскага. Арцішэўскі трымаў тут рэстаран. У час Вялікай Айчыннай вайны пабудова была часткова разбурана.
Цяперашні дом адбудаваны пасля вайны. Амаль паўстагоддзя тут размяшчалася раённая міліцыя. Яна займала частку дома: ад самай рэчкі было жыллё, потым размяшчалася памяшканне ціра, дзе і дарослыя аматары стральбы,і дзеціз задавальненнем спаборнічалі ў трапнасці з пнеўматычных вінтовак.

За плябаніяй ксяндза – тэрыторыя і будынак сярэдняй школы № 2, з 2003 года – гімназія № 1. Пасля вайны ў Дзятлаве была адна школа. У 50-я гады яе падзялілі на дзве. Адна з іх стала рускамоўнай, а другая – беларускамоўнай. У народзе іх называлі проста: руская і беларуская школы. Беларуская школа размяшчалася на вуліцы Горкага, а руская – у знесеных ужо будынках гарадскога парка. З 1967 года — ў гэтым будынку. Новы будынак, дзе цяпер СШ № 1, будавалі для беларускай школы. Але ў апошні момант дзесьці ў вярхах гэтае пытанне перагледзелі і беларускай школе аддалі старыя пабудовы, а ў новы будынак перавялі рускую школу.

Правы бок вуліцы.
Будынак № 6 — у 60-80-х гадах ХХ ст. ў ім працавалі службы быту: майстэрня па рамонту бытавой тэхнікі, радыёапаратуры, цырульня. Калі з’явіліся першыя шарыкавыя ручкі, там паставілі прыстасаванне, з
дапамогай якога запраўлялі пастай металічныя стрыжні гэтых ручак.

Фота 2006 г.

Дом №8 – пасля вайны ў ім знаходзілася друкарня. Яе перавялі сюды з Наваельні, калі Дзятлава зноў стала цэнтрам Дзятлаўскага раёна.

Фота 2006 г.

Будынак № 10 дом, які стаяў у 30-я гады на гэтым месцы, належаў брату Рабіновіча. Таго самага, які валодаў гатэлем на плошчы. У доме размяшчалася більярдная. Працавала ўсю ноч. Акрамя більярда, тут можна было выпіць і закусіць.У 50-70-я гады ў будынку знаходзіўся магазін «Культтавары».

Дом №14, цяпер праўленне райспажыўсаюза. У 30-я гады мінулага стагоддзя на гэтым месцы працавала пякарня Вінакура. Адразу пасля вайны 1941-1945 гадоў частка дома выкарыстоўвалася пад жыллё, у другой палавіне стаялі ваенныя. У іх былі коні. Коні стаялі ў наступным будынку, ад якога застаўся цяпер толькі падмурак. Калі ваенных перавялі ў другое месца, дом аддалі пад пякарню, а канюшню-пад клуб. Дырэктарам пякарні працаваў Б.Б.Малахоўскі. Старажылы часам любяць успомніць такі гумарыстычны выпадак, звязаны з пякарняй і яе дырэктарам..

Побач размяшчаўся дзіцячы дом. Аднойчы, двое рабочых з дзіцячага дома вырашылі пажартаваць з Малахоўскага. Адзін моцна, каб чулі дзеці, якія круціліся каля іх, кажа другому: «Во, 4 гадзіны. Зараз прыйдзе ў пякарню Малахоўскі і будзе нагамі ў чане замешваць цеста на хлеб. А каб не вымазацца, ён скідае адзенне і месіць цеста ў адной сподняй бялізне». (А тады, яшчэ многія гаспадыні пяклі свой дамашні хлеб, мясілі цеста рукамі. Выходзіць на цэлы горад хлеб трэба замешвацьнагамі). Прыйшоў дырэктар у пякарню,зайшоў па нейкіх справах ў цэх. Потым выпадкова зірнуў у акно. Божухна, што робіцца! Галовы ўсіх дзяцей тырчаць у вокнах. Малахоўскі круціцца, нічога не можа зразумець. А ім цікава, як гэта дырэктар будзе нагамі цеста мясіць.
Паміж будынкамі праўлення райспажыўсаюза і райвыканкама доўгі час можна было бачыць падмурак ад вялікай пабудовы. У гады вайны тут быў перасыльны лагер. Сюды звозілі людзей з акупіраваннай тэрыторыі Савецкага Саюза для адпраўкі ў Германію. Пасля вайны размяшчаўся раённы Дом культуры. Потым яго перавялі ў другое месца, на вуліцу Савецкую, а будынак разабралі. У 2003 годзе разабралі і падмурак.


Фота 2006 г.

На месцы, дзе цяпер знаходзіцца райвыканкам, у 30-я гады стаялі дамы мешчаніна Арцішэўскага. У доме №20 на рагу вуліц Леніна і Чырвонаармейскай, дзе знаходзілася кафэ “Рюмочная», Арцішэўскі трымаў самы лепшы ў Дзятлаве рэстаран. Акрамя абедзеннай залы ў рэстаране стаяў більярд, меліся асобныя кабінеты для гульні ў карты. У час вайны 1941-1945 гадоў у гэтых будынках знаходзілася нямецкая жандармерыя. У 1943 годзе, у сувязі з уздымам партызанскага руху, немцы пачалі ўзводзіць вакол яе абарончую сцяну, Сцяна складалася з двух радоў бярвенняў, з байніцамі для кулямётаў. Паміж бярвенняў быў насыпаны пясок. Адсюль акупанты адпраўляліся на карныя аперацыі супраць партызан, адпраўлялі людзей у Германію.
Тут жа, у глыбокіх падвалах дома № 3, які ўжо належыць вуліцы Чырвонаармейскай, гестапаўцы трымалі і катавалі палонных савецкіх салдат, партызан, мірных жыхароў. Але, нягледзячы на моцную ахову, дзятлаўскім падпольшчыкам з антыфашысцкага камітэта Русіна ўдалося ўзарваць бранявік прама на пляцы жандармерыі. Пасля вайны сцяну знеслі, разбураныя будынкі аднавілі і ў іх размясцілі дзіцячы дом.


Фота 2006 г.

Дзіцячы дом займаў тэрыторыю да рэчкі Дзятлаўка. Беспрытульных дзяцей, якіх было шмат пасля вайны, пачалі збіраць на вакзалах, сярод развалін дамоў. Спачатку было дзесяць дзяцей, потым дваццаць, трыццаць…

Усяго сабралася каля 180 дзяцей, 14-15-гадовага ўзросту. Дырэктарам працавала былы першы сакратар раённага камітэта камсамола Бліцко Любоў Лук’янаўна, цудоўны чалавек і добрая гаспадыня. Яна шмат зрабіла для дабрабыту дзяцей. Дзякуючы яе намаганням, гаспадарка дзіцячага дома спачатку займела чацвёра коней з конюхам, 10 кароў з даяркай, працавала лазня. Потым дзіцячаму дому перадалі былы панскі двор Жыбартаўшчыну. Гаспадарка разраслася. Яна налічвала каля 25 гектараў зямлі, 20 кароў, 10 коней, каля сотні свіней. Вырасцілі добры сад, мочаных яблык з якога хапала ўсім дзецям на цэлую зіму. Чысцілі азёры і разводзілі рыбу. Хто хацеў, той трымаў для цікавасці трусоў. Выхавальнікі ахвотна дапамагалі трымаць такую гаспадарку. Летам Жыбартаўшчына выкарыстоўвалася ў якасці летняга лагера.
Быў у Дзятлаве яшчэ дзіцячы дом і для дашкалят. Размяшчаўся ён там, дзе цяпер сярэдняя школа № 1. Потым два дзіцячыя дамы аб’ядналі ў адзін. У 1960 годзе дзіцячы дом перавялі ў гарадскі пасёлак Поразава Свіслацкагараёна. А ў вуглавым доме на другім паверсе, размясцілі аддзел адукацыі. На першым паверсе, на вуліцы Леніна некаторы час у 70-я гады працаваў аптэчны кіёск. На самым рагу вуліц былі дзверы ў магазін «Хлеб». Гэта быў адзіны хлебны магазін на ўсё Дзятлава! А там, дзе было кафэ «Малочнае», затым “Рюмочная”, працавала «Чайная». Будынак райвыканкама быў пабудаваны ўжо пасля вайны.
У сваім падарожжы па Дзятлаве мы ўжо павярнулі на вуліцу Чырвонаармейскую, былую Слонімскую. Перад возерам, па левым баку вуліцы, у 30-я гады размяшчаўся гатэль, ці, лепей сказаць, пастаялы двор Шушэна. Быў вялікі пляц, дзе можна было паставіць вазы ці брычкі, распрагчы і накарміць коней. У доме – нумары для гасцей. Можна было заказаць ежу.

Фота.1998г.

Мост праз рэчку Дзятлаўка. Яшчэ ў 60-я гады Дзятлаўка магла па праву называцца рэчкаю. Там, дзе цяпер Верхняе возера, Дзятлаўка мела шырыню добрых метраў чатыры-пяць, а ў глыбіню месцамі да двух метраў. У рэчцы і возеры вадзілася шмат рыбы, ракаў. Іх лавілі рукамі, вудачкамі, кошыкамі, калыскамі. Дарослыя білі восцямі. Хаця ў дзяцей быў яшчэ адзін працаёмкі, але надзейны сродак. Рыдлёўкамі выразалі дзёран на беразе і абкладвалі ім які-небудзь корч дрэва ці кустоў, што раслі каля самай вады. Потым пачыналі вычэрпваць ваду. Уся рыба, якая знаходзілася ў карчы, а гэта мянтузы, плоткі, нават шчупакі, шматлікія ракі, аказвалася здабычай дзяцей. Ваду вылівалі не проста ў рэчку, а ў кошык, каб разам з ёю не выкінуць і рыбу. З аднаго карча можна было злавіць адно, а часам і два вядры рыбы. Во, колькі яе было! Прычым зберагалася экалогія, калі гаварыць сучаснай мовай. Малькоў рыбы выпускалі. Ні адзін хлопчык не браў рака, дакладней самку рака, калі ў яе была ікра пад хвастом. Гэтаму дзяцей не вучылі, гэта быў вобраз жыцця, еднасць з прыродай.

Матэрыял падрыхтавала Вольга ЦЮШЛЯЕВА,
дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея (паводле кнігі Ф.Красюка “Падарожжа па старых вуліцах Дзятлава”)

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: