Каб на парозе хаты сустракала мама

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У сакавіку нашай матулі, бабулі, прабабулі Любові Іванаўне Белавус, якая жыве ў вёсцы Буйкі, споўнилася 90 гадоў.

Гэта шчырая, мудрая, добразычлівая жанчына, якая пражыла нялёгкае жыццё. Рана пачала працаваць. Выйшла замуж. Нарадзіла чатырох дзяцей, у 35 гадоў засталася ўдавой. Аднак яна выцерпела ўсё. Трох дачок навучыла гатаваць, вязаць, шыць. Адзінага мужчыну ў нашай сям’і, сына Міхаіла, – касіць, выконваць мужчынскую работу. Усе дзеці выраслі, атрымалі адукацыю, стварылі свае сем’і. Цяпер Любоў Іванаўна мае 8 унукаў, 10 праўнукаў. Яна вядзе актыўны лад жыцця. Матуля не паддаецца хваробам, у такім узросце яшчэ ездзіць на веласіпедзе. А як жа без яго паспееш усё зрабіць? І царкву трэба наведаць, ды і сяброўку адзінокую без увагі не пакінуць. Яна дапамагае не толькі сваім, але і чужым, проста знаёмым. Каму добрым словам, каму парадамі, каму травамі-лекамі, агароднінай. У яе хапае дабрыні, душэўнага цяпла для ўсіх.

Сакрэт свайго даўгалецця матуля бачыць у тым, што ўсё сваё жыццё яна жыве з Богам у душы. Ніколі не жадала людзям дрэннага, даравала крыўды. Рабі другім дабро, і яно вернецца да цябе – такі дэвіз нашай матулі.

– Маліцеся Богу, даруйце крыўды, не жадайце зла людзям, не затойвайце ў сэрцы помсты, – так павучае матуля сёння ўнукаў і праўнукаў.

Кожны вечар яна моліцца за нас усіх, і з яе малітвамі нам лягчэй ісці па жыцці. Побач з ёю кожны становіцца дабрэйшым і святлейшым.

Дарагая матуля, бабуля, прабабуля, Любоў Іванаўна Белавус. Усе тавае родныя віншуюць цябе з днём нараджэння. Мы жадаем табе здароўя, аптымізму, дабра. Жыві, любая, доўга-доўга і радуй нас сустрэчай на парозе роднай хаты.

Дачка Алена ЖУРКО ад імя ўсёй сям’і   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga