Дзмітрый Малочка: “Камуністычная партыя амалоджваецца”

Важнае Грамадства

У прэс-цэнтры газеты “Гродзенская праўда” адбылася дыялогавая пляцоўка “Году міру і стварэння – канкрэтныя справы камуністаў Гродзеншчыны”, у якой прыняў удзел наш зямляк, старшыня раённай арганізацыі КПБ Дзмітрый Малочка.

Ён расказаў пра тэмы, якія абмяркоўваліся на сустрэчы і перспектывы камуністычнай партыі нашага раёна:

– У рабоце дыялогавай пляцоўкі прынялі ўдзел члены абкама, першыя сакратары, іх выступленні былі прысвечаны пытанням далейшага ўмацавання партыйных радоў, прыцягнення ў члены КПБ моладзі, удасканалення статутнай дзейнасці, фінансавай і партыйнай дысцыпліны. Першы сакратар абкама КПБ Жанна Грыцкевіч уручыла памятныя медалі ЦК КПБ “У азнаменаванне 100-годдзя ўтварэння СССР”. Была адзначана работа, зробленая Дзятлаўскай раённай арганізацыяй Камуністычнай партыі Беларусі: з пачатку года нашы рады папоўніліся больш чым удвая.

– Што сёння ўяўляе сабой раённая арганізацыя КПБ?

– Камуністычная партыя – адна з найстарэйшых у Беларусі, яна мае сваё кіраўніцтва, партыйныя органы, адладжаную гадамі сістэму работы. Тым не менш з кожным годам партыя амалоджваецца. Каля паловы новапрынятых камуністаў – людзі ад 20 да 45 гадоў, прадстаўнікі розных слаёў насельніцтва і прафесій. Сучасная Камуністычная партыя Беларусі перагледзела свае арыенціры згодна з запатрабаваннямі грамадства, саступіўшы кіруючыя і накіроўваючыя функцыі сацыяльнай арыентаванасці, канструкцыйнага дыялога з іншымі структурамі. Адной з найважнейшых сваіх задач камуністы Беларусі бачаць у падтрыманні курса Прэзідэнта і прадстаўніцтва нашай дзяржавы на міжнароднай палітычнай арэне, супрацоўніцтва з кампартыямі Расіі і Кітая. Мы ўмацоўваем свае пазіцыі і, думаю, у выніку зоймем трывалае другое месца ў дзяржаўнай партыйнай сістэме пасля партыі “Белая Русь”, стварэнне якой сёння на фінальным этапе.

– Ці плануеце прымаць удзел у выбарах?

– Па рашэнні абкама партыі дазволена вылучэнне ад раённай арганізацыі КПБ аднаго прадстаўніка ў мясцовыя Саветы дэпутатаў і аднаго чалавека – у раённы.

– Якія рэальныя справы ў планах Камуністаў Дзятлаўшчыны?

– У Год міру і стварэння будзем удзельнічаць у рэалізацыі патрыятычных праектаў, агульнымі стараннямі падрыхтуем кнігу пра лідараў абласных і раённых партыйных арганізацый у Гродзенскай вобласці. Сярод прыярытэтаў работы застаецца абарона правоў працоўных, захаванне стабільнасці ў грамадстве.

– Хто можа далучыцца да радоў Камуністычнай партыі Беларусі і што для гэтага патрэбна?

– Стаць камуністамі могуць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія не маюць судзімасці, падтрымліваюць дзяржаўны курс Рэспублікі Беларусь, пасля азнаямлення з прынцыпамі і тэзісамі Камуністычнай партыі пагаджаюцца з імі. Узрост кандыдатаў – ад 18 гадоў, “верхняя” мяжа не вызначана. Дастаткова звярнуцца ў райкам КПБ з пашпартам, прайсці субяседаванне, напісаць заяву па вызначанай форме і прадаставіць фотаздымак для афармлення членскага білета. Партыйны ўзнос складае 3 рублі ў квартал.

Наталля АВЯРЧУК

 



Теги: