Багацце – пад нагамі

Важнае Грамадства

Тэма: “Другасныя рэсурсы – гэта Кландайк для беларускіх прадпрыемстваў, – адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай функцыянаванню жыллёва-камунальнай гаспадаркі. – Праблема паасобнага збору смецця, перапрацоўкі і далейшага выкарыстання гэтага перапрацаванага дабра вырашаецца агідна”.

Здавалася б, умовы для збору другаснай сыравіны створаны: практычна ў кожным двары шматпавярховай забудовы – кантэйнеры “Шкло”, “Макулатура”, “Пластык”, у прыватных домаўладаннях – бясплатныя шэры і чырвоны кантэйнеры для сарціроўкі цвёрдых камунальных адходаў. У школах – акцыі з прызамі, у арганізацыях і прадпрыемствах – раённы штомесячны план на здачу другаснай сыравіны. Здаецца, усё магчымае зроблена. Але і гэта не стымулюе суб’екты гаспадарання на 100 % сумленна распараджацца патэнцыяльна карыснымі матэрыяламі.

Андрэй Лявончык, галоўны спецыяліст Дзятлаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

– З пачатку 2023 года былі праведзены рэйды на аб’ектах Жукоўшчынскага сельскага савета, КСУПаў “Жукоўшчына” і “Хвінявічы”, Дзятлаўскага лясгаса, ААТ “Дварэц-Агра”, “Граніт-Агра”  і СГФ “АграМілк” і ДЭУ-56. У ходзе праверкі былі выяўлены “ачагі” складзіравання другасных матэрыяльных рэсурсаў – зношаных шын, поліэтылену ў несанкцыяваных месцах. Па выніках рэйдаў выдадзена 46 пунктаў рэкамендацый, з іх 26 адносяцца да абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі.  Па завяршэнні тэрміну, адведзенага на выпраўленне сітуацыі, пройдзе паўторны маніторынг, на падставе якога парушальнікі будуць мець штрафныя санкцыі.

Для даведкі: у 2022 годзе ў Дзятлаўскім раёне за парушэнне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адходамі” (у тым ліку выкарыстанне адходаў у якасці другасных матэрыяльных рэсурсаў) да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 12 юрыдычных асобаў: 9 – з вынясеннем папярэджанняў, 3 – вынесены штрафам на агульную суму 2720 рублёў. За несанкцыянаванае размяшчэнне другасных матэрыяльных рэсурсаў, іншых адходаў па-за дазволенымі месцамі захоўвання тром юрыдычным і фізічным асобам прад’яўлены прэтэнзіі аб пакрыцці шкоды на суму 2148,93 рубля.

Другасныя матэрыяльныя рэсурсы можна і абавязкова выкарыстоўваць па прызначэнні, станоўча ўплываючы не толькі на экалагічную, але і эканамічную сітуацыі. І калі раней існавала праблема ўтылізацыі “бруднага” пластыку (упаковачны цэлафан, поліэтыленавая плёнка, якая выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы і іншае), то сёння і яна вырашаецца станоўча: на Дзятлаўшчыне запускаецца новая вытворчасць, якая выкарыстоўвае такую сыравіну і дае ёй другое жыццё.

Валерый Манчук, дырэктар ТАА “Белтэрміз”:

– Вытворчасць, якую наладжваем на базе прадпрыемства, новая для Беларусі: мы займаемся зборам і мыццём другасных поліэтыленаў. Для гэтага закупілі новую лінію ў Кітаі, якую ўжо сабралі, устанавілі і наладзілі. Цяпер яна працуе ў тэставым рэжыме, ужо ў красавіку плануем атрымаць ліцэнзію і наладзіць работу. На лініі другасная сыравіна праходзіць больш за 5 этапаў ачысткі і перапрацоўкі, вынікам чаго становіцца поліэтылен высокага ціску, запатрабаваны як у Беларусі, так і Расіі, прывабны з-за больш нізкага кошту.

Для даведкі: для загрузкі абсталявання па перапрацоўцы другасных поліэтыленаў на ТАА “Белтэрміз” пры ўмовах двухзменнай работы неабходна 8 тон сыравіны ў суткі. У бліжэйшых планах – стварэнне каля 20 працоўных месцаў для абслугоўвання новай вытворчасці.

Ужо сёння прадпрыемства прымае поліэтылен ад СГФ “АграМілк”, ААТ “Граніт-Агра”, мае вусныя дамовы з ТАА “РоданАграПол”, “РоданАгра” і запрашае да супрацоўніцтва ўсе суб’екты гаспадарання Дзятлаўшчыны. А ўжо іх кіраўнікам самім вырашаць: ісці шляхам санкцый і штрафаў, выкідваючы другасную сыравіну “за плот”, або ўтылізаваць яе адэкватна на тэрыторыі свайго раёна.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga