Запрашаем у віртуальную літаратурную гасцёўню

Грамадства Свежыя навіны

У Гезгалаўскім дзіцячым садзе апрабавана новая форма работы  з выхаванцамі і іх бацькамі – віртуальная літаратурная гасцёўня.

Першая сустрэча такой гасцёўні, прымеркаваная да Дня роднай мовы, прайшла пад дэвізам “Чытаем вершы разам”. Ініцыятарам яе стала выхавальніца дашкольнай адукацыі Марына Басай, якая прапанавала бацькам і дзецям разам вывучыць  верш  беларускага  паэта, прачытаць яго выразна ўсёй сям’ёй і абавязкова зрабіць відэазапіс. Прапанова педагога знайшла вялікі водгук: многія сем’і выхаванцаў прынялі ўдзел у мерапрыемстве.

Як жа прыгожа, мілагучна лілася родная мова з вуснаў матуляў, татаў, бабуляў і, канешне, нашых выхаванцаў! Сям’я Уладзіка Паўлючэнкава вельмі шчыра прачытала верш Эдзі Агняцвет “Зямля з блакітнымі вачамі”. Браты-двайняты Стас і Макар Кастусікі выказалі сваю любоў да роднай зямлі паэтычнымі  радкамі Петруся Броўкі “Дарагая Беларусь”. Выхаванка Паліна Ермаковіч разам з бабуляй падрыхавала  верш Анатоля Вольскага “Дзеці”.  У віртуальнай літаратурнай гасцёўні прагучалі творы Якуба Коласа, Аяксандра Бадака, Алеся Русака і іншых паэтаў.  Кожная сям’я па-свойму, але шчыра і аддана праз вершы выказала сваю любоў да роднай зямлі і  мовы.

Каб жадаючыя змаглі наведаць віртуальную  літаратурную  гасцёўню, педагогі зрабілі QR-коды на кожны відэазапіс і размясцілі іх у бацькоўскім кутку. Такім чынам з дапамогай мабільнага тэлефона і бацькі, і дзеці неаднаразова праслухалі вершы, якія ім найбольш спадабаліся.

Мы ўпэўнены, што  віртуальная літаратурная гасцёўня дапаможа нашым выхаванцам усвядоміць сваю прыналежнасць да беларускага народа, скласці сваю сістэму каштоўнасцей, у якой родная мова будзе займаць пачэснае месца.

Алена ЛУКІЯНЕЦ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі Гезгалаўскага дзіцячага сада

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga