За крок ад “рэспублікі”

Галоўнае Спорт і турызм

Каманда Дзятлаўскага раёна “Алмаз” заваявала сярэбраныя медалі абласных спаборніцтваў “Залатая шайба” сярод юнакоў 2009 года нараджэння і малодшых у дывізіёне “Б” у малодшай узроставай групе.

У першы дзень дзятлаўскія юныя хакеісты згулялі 2 гульні і перамаглі каманды Карэліцкага раёна (7 : 0) і Ваўкавыскага (5 : 0), забяспечыўшы выхад у фінальны тур і барацьбу за 1 месца.

У фінале дзятлаўчане саступілі камандзе Смаргонскага раёна – 1 : 6, пры гэтым паказаўшы дастойную гульню і камандны дух. Крыху не хапіла да выхаду на рэспубліканскі ўзровень, аднак “серабро” абласнога чэмпіянату – на рахунку юных “алмазаўцаў”. Адны з іх папоўняць старэйшы састаў “Алмаза” і прадставяць Гродзенскую вобласць на рэспубліканскіх спаборніцтвах, другія – будуць перажываць за зборную раёна ў якасці балельшчыкаў.

Галоўны трэнер абодвух саставаў “Алмаза” Дзмітрый Ёда даў ацэнку гульні і перспектываў развіцця хакея на Дзятлаўшчыне:

– Не сорамна саступіць сапраўды моцнаму саперніку, як адбылося ў сённяшняй барацьбе, – адзначыў ён. – Дарэчы, зборнай Смаргонскага раёна трэба аддаць належнае: да гэтай перамогі яны ішлі не апускаючы рук з 2001 года, неаднаразова мы станавіліся на іх шляху. Важна, што ў нашай малодшай камандзе з’явіўся лідар – капітан каманды Мікіта Санюк, які забіў на чэмпіянаце 11 шайбаў. Думаю, у будучым ён прывядзе каманду да перамогі. У камандзе ідзе змена пакаленняў, і сёння зборную падштурхоўвалі наперад хлопцы, чый зорны час яшчэ надыдзе. Вельмі прыемна было назіраць, як старэйшыя падтрымліваюць малодшых. Вось што значыць камандны дух!

Варта адзначыць, што сёлета з малодшым саставам “Алмаза” гуляла юная дзятлаўчанка Васіліса Панасевіч, 2014 года наражэння. Уся іх сям’я захапляецца хакеем, некалі ў “Залатой шайбе” за нашу каманду гуляў старэйшы брат дзяўчынкі Іван, паказваў добрыя вынікі. Разам з татам яны прывялі Васілісу на першую трэніроўку проста “пакатацца”, з чаго і пачалася яе вялікая любоў да хакея. Сёлетні абласны чэмпіянат – дэбют для юнай хакеісткі і многіх яе равеснікаў. Усё выдатнае – яшчэ наперадзе.

– Не ўпершыню ў саставе “Алмаза” дзяўчаты, – расказаў трэнер каманды Аляксей Петрыкевіч. – Папярэдніцай Васілісы на пачатку 2010-х была Карына Альховік, якая затым звязала сваё жыццё з прафесійным футболам. Сёння яна член нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь, гулец вышэйшай лігі італьянскага футбольнага клуба “Сасуола”. Мы ганарымся сваёй зямлячкай і спадзяёмся, што жаночы хакей і футбол на Дзятлаўшчыне атрымае сваё развіццё.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga