Яны па-ранейшаму моцныя духам, салдацкім братэрствам (+відэа)

Галоўнае Грамадства

За паўгадзіны да мітынгу-рэквіема, які па традыцыі 15 лютага праходзіць у Дзятлаве, школьнікі, прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў збіраюцца каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі на пытанне аб тым, наколькі важна расказваць цяперашняй моладзі пра вайну ў Афганістане, адказвае, што яго пакаленне выхоўвалася на прыкладах подзвігаў герояў Вялікай Айчыннай вайны. У памяці – сустрэчы з ветэранамі, іх успаміны.

– Чым далей ад вайны, тым менш людзі пра яе памятаюць, нават не ведаюць. Нашы воіны-афганцы – пакаленне вайскоўцаў-беларусаў, якія бачылі вайну. Патрыятызм быў для іх не пустым словам, яны даказвалі яго справай. Хто як не яны павінны сёння пераняць эстафету ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны расказваць моладзі пра салдацкія сяброўства, кемлівасць, баявы дух і жыццёвы вопыт, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Наша даніна павагі ў тым, каб помніць. А памяць ­– гэта гонар за подзвіг свайго народа, годнасць быць беларусам, залог таго, што памылкі мінулага не паўтарацца.

Тут, каля двухметровага пастамента, на якім устаноўлена баявая разведвальна-дазорная машына, і алеі памяці, ад старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага і ваеннага камісара Генадзя Сураўца гучаць словы ўдзячнасці ветэранам вайны ў Афганістане за іх мужнасць, любоў да Радзімы, пажаданні ім і іх сем’ям моцнага здароўя, доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця, мірнага неба над галавой, словы смутку – аб тых, хто не вярнуўся жывым, – земляках Аляксандру Шылаву і Дзмітрыю Лазовіку.

– Дзятлаўшчына гаворыць “дзякуй” кожнаму, каму выпала доля ўбачыць жахі той вайны, кожнаму, хто годна выканаў загад, дадзены камандзірам, – звяртаюцца вучні гімназіі № 1 да прысутных воінаў-афганцаў. – Дзякуй за тое, што і сёння вы з’яўляецеся прыкладам гонару і доблесці для нас, моладзі.

У памяць аб загінулых воінах-інтэрнацыяналістах гучаць кранальныя вершы і песня, удзельнікі мітынгу-рэквіема ўскладаюць вянкі, кветкі да помніка.

Ірына КАМАРОВА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga