Як аграэкасядзібам прайсці перарэгістрацыю?

Важнае Спорт і турызм

Гэта пытанне было абмеркавана на рабочай нарадзе намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча з суб’ектамі аграэкатурызму, зацікаўленымі службамі раёна і старшынямі сельвыканкамаў, на тэрыторыі якіх размешчаны сядзібы.

Справа ў тым, што з 2023 года ўступіў у сілу ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 351 ад 4 кастрычніка 2022 года “Аб развіцці аграэкатурызму”, скіраваны на ўдасканаленне рэгулявання дзейнасці ў гэтай сферы, павышэнне якасці паслугаў, выключэнне магчымасці вядзення гасцінічнага ці рэстараннага бізнесу, абарону правоў грамадзян, якія жывуць па суседстве з сядзібамі.

Каб адпавядаць патрабаванням указа, суб’ектам аграэкатурызму неабходна своечасова – да 1 ліпеня 2023 года – прайсці перарэгістрацыю. Што мяняецца і як наладжана гэта працэдура на Дзятлаўшчыне, гаспадарам аграэкасядзібаў расказалі спецыялісты.

З парадкам ажыццяўлення раённымі выканаўчымі камітэтамі адміністрацыйнай працэдуры па прыняцці рашэння аб выкананні дзейнасці па аказанні паслугаў аграэкатурызму прысутных азнаёміла галоўны спецыяліст аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама Станіслава Ганчар. Спынілася на дакументах, якія неабходна падаць для перарэгістрацыі ў службу “адно акно”.

Тэму дапоўніла галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка, удакладніла, на што будзе скіравана работа спецыяльнай раённай камісіі па вызначэнні адпаведнасці будучага аб’екта аграэкатурыстычных паслугаў патрабаванням новага заканадаўства. Нагадала абавязковыя ўмовы, якія павінны быць выкананы ў сукупнасці: наяўнасць жылога дома з не больш чым 10 пакоямі, зямельнага ўчастка, ажыццяўленне дзейнасці па вядзенні асабістай дапаможнай гаспадаркі ці вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, наяўнасць магчымасцяў для азнаямлення аграэкатурыстаў з прыроднымі, сельскагаспадарчымі, архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі традыцыямі мясцовасці. Падкрэсліла, што пашыраны спіс аказваемых аграэкатурыстам паслугаў, куды ўключана правядзенне майстар-класаў па рамеснай і гаспадарчай дзейнасці, а таксама з’явілася патрабаванне, што такіх паслугаў павінна быць не менш за дзве, прычым ёсць абавязковыя.

Сярод прапісаных указам абмежаванняў – адказнасць гаспадароў аграэкасядзібаў за грамадскі парадак на іх тэрыторыях, а таксама без узгаднення з суседзямі забараняецца праводзіць масавыя шумныя ўрачыстасці непасрэдна блізка ад суседніх участкаў.

Спецыялісты адказных службаў раёна патлумачылі гаспадарам аграсядзібаў нюансы, якія тычацца падаткаабкладання, санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, пажарнай бяспекі, грамадскага парадку, расказалі, як наладзіць узаемадзеянне з арганізацыямі культуры, адказалі на ўзнікшыя пытанні.

Напрыканцы Ігар Кухарэвіч адзначыў, што ўсе асноўныя моманты, якія тычацца працэдуры перарэгістрацыі разгледжаны, гаспадары аграсядзібаў ведаюць да каго і па якіх пытаннях можна звяртацца, а таму папрасіў не адкладваць зварот па перарэгістрацыю на крайні тэрмін.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga