Што гэтым разам хвалявала дзятлаўчан?

Важнае Улада

14 лютага ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце прайшла прамая тэлефонная лінія з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Сіняком.

За дзве гадзіны работы Уладзіміру Аляксандравічу паступіла 6 пытанняў. Усе яны былі, як адзначыў дэпутат, вырашальнымі.

Жыхарку аграгарадка Раклевічы непакоіў стан участка вуліцы Кастрычніцкай у гэтым населеным пункце. Паколькі дарога знаходзіцца на балансе мясцовага сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк” РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”, то просьба жанчыны адрасавана дырэктару гэтага філіяла Аляксандру Грынкевічу.

Наступны званок паступіў ад жыхаркі аграгарадка Вензавец, якая выказвала ўдзячнасць кіраўніцтву раёна і Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы за прыгожы і камфортны пасля рамонту мясцовы ФАП, але прасіла пашырыць пералік выконваемых тут працэдур, у тым ліку ўключыць у яго пастаноўку кропельніц. Пытанне заяўніцы перададзена галоўнаму доктару Дзятлаўскай ЦРБ Алегу Анцуху.

Наступная заяўніца паведаміла аб тым, што ў сувязі з умовамі надвор’я ў вёсцы Самойлаўшчына псуецца і перыядычна патрабуе прывядзення ў норму дарога. Уладзімір Аляксандравіч адразу ж звязаўся з начальнікам ДРБУ-119 Дзмітрыем Мазалём, які паабяцаў пры спрыяльным надвор’і ажыццявіць падсыпку на ўказаным участку.

Дапамагчы разабрацца ў праблеме папрасіла Уладзіміра Сіняка пажылая жанчына з Дзянісава, якой на адзін дом былі налічаны адразу два падаткі. Як патлумачыла заяўніца, так здарылася з-за таго, што раней яе вуліца мела іншую назву. Пасля перайменавання ранейшая інфармацыя па нейкай прычыне засталася актуальнай, таму нерухомая маёмасць мае адразу два адрасы, а падатковая інспекцыя палічыла, што дамы таксама два.

Больш дэталёва сітуацыю патлумачыў старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка. Ён расказаў, што пытанне знаходзіцца ў стадыі вырашэння, ужо пададзены запыт у бюро тэхнічнай інвентарызацыі, у хуткім часе выпадковая памылка з двайным адрасам будзе выпраўлена.

Наступны тэлефонны зварот таксама тычыўся стану дарогі. На гэты раз падсыпаць вуліцу Рачную прасіў жыхар аграгарадка Круцілавічы. Па садзейнічанне ў вырашэнні гэтага пытання дэпутат звярнуўся да старшыні ААТ “Граніт-Агра” Станіслава Мазура, які паабяцаў, што падсыпку зробяць.

Апошні тэлефонны званок паступіў ад жыхаркі гарпасёлка Казлоўшчына. Жанчыну непакоіла, што летась на мясцовых могілках было пачата, але не даведзена да канца выдаленне дрэваў. Заяўніца цікавілася ў дэпутата, ці будуць сёлета гэтыя работы выкананы ў поўным аб’ёме.

Адказ на пытанне Уладзіміру Сіняку даў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк. Ён запэўніў, што планавае выдаленне дрэваў на могілках у Казлоўшчыне ў 2023 годзе будзе завершана.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga