Памяць, “прыпраўленая” смеццем

Важнае Грамадства

Мы з павагай і шанаваннем адносімся да помнікаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне.

Акрамя манументаў, якія ўвекавечваюць подзвіг савецкіх салдат, у многіх населеных пунктах Дзятлаўшчыны ў 70-я гады мінулага стагоддзя былі ўсталяваны помнікі землякам як напамін аб трагічнай гібелі мірнага насельніцтва раёна ў ваенныя гады.

Ёсць такі помнік і ў цэнтры вёскі Ахонава Данілавіцкага сельсавета. Акуратны, дагледжаны, абгароджаны. Побач – “Алея памяці”, высаджаная ўдзячнымі нашчадкамі.

А за помнікам, метраў праз пяцьдзясят, – таксама “падарунак” ад удзячных землякоў – стыхійная звалка, якая паспела тут прыжыцца і ледзь не пусціць карані. Гледзячы на гэту разнастайнасць, можна зрабіць выснову, што месца пад сметнік вяскоўцамі (а магчыма і не толькі імі) аблюбавана даўно. Акрамя наваленага галля, чаго тут толькі не знойдзеш: шкляныя і пластыкавыя бутэлькі, анучы і гаспадарчыя ночвы, нават старыя пахавальныя вянкі і кошыкі (верагодна, з самаго помніка землякам), якія ўжо паспелі “замаскіравацца” пад слоем леташняй травы. Думаю, такой павагі нашы продкі не чакалі.

Калі мы прыбылі на месца, навядзеннем парадку на гэтай тэрыторыі ўжо займаліся работнікі гаспадарчай групы Цэнтра па зябеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый. Адны з іх насілі галлё ў спецыяльна распаленае для гэтага вогнішча, другія збіралі смецце, каб утылізаваць. Работы атрымаўся, скажам шчыра, немалы аб’ём. Цікаўлюся ў саміх работнікаў поглядам на гэту сітуацыю.

– Вы ж бачыце, што смецце тут з’явілася не сёння, – уключаецца ў мой дыялог з рабочымі жанчына. – Гэта ж трэба было столькі часу насіць яго сюды, у цэнтр вёскі!

– Не для таго мае дзяды за Радзіму ваявалі, каб сучаснікі так зневажалі іх памяць і родную зямлю, – абураецца мужчына. – Няўжо самі людзі не бачылі, што ў іх тут робіцца?

Дзень-два ўзмоцненай работы, і сіламі гаспадарчай групы парадак за помнікам будзе адноўлены, быццам і не было гэтага вялізнага сметніку. Але нагода для трывогі з’яўлення новай несанкцыянаванай звалкі застаецца.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga