“Алмаз” зноў на п’едэстале (+відэа)

Галоўнае Спорт і турызм

Каманда Дзятлаўскага раёна “Алмаз” стала пераможцай абласных спаборніцтваў “Залатая шайба” сярод юнакоў 2007 года нараджэння і малодшых у дывізіёне “Б” у старэйшай узроставай групе.

У фінале яны ўпэўнена абыгралі каманду Шчучынскага раёна з лікам 3 : 0 і Карэліцкага – 7 : 1, забяспечыўшы сабе пуцёўку на рэспубліканскі этап. Шчучынцы замацаваліся на другой пазіцыі ў выніковай турнірнай табліцы, каманда Карэлічаў – на трэцяй.

– Сёння ўсе нашы хакеісты паказалі добрую, зладжаную гульню, – адзначыў трэнер каманды Дзмітрый Ёда. – Яны пацвердзілі дэвіз: перамагае мацнейшы. Мы доўга ўпарта рыхтаваліся і заслужылі чэмпіёнскі тытул. Вялікае дзякуй балельшчыкам, якія не давалі нам расслабляцца. Пры такой падтрымцы мы не маглі не выйграць.

Як адзначыў Дзмітрый Казіміравіч, пачынаючы з 2016 года “Алмаз” ужо дзясяты раз выходзіць на рэспубліканскі этап “Залатой шайбы”. У касцяк малодшай і старэйшай каманд уваходзяць навучэнцы ўсіх дзятлаўскіх, а таксама Новаяльнянскай, Гезгалаўскай і Хвінявіцкай сярэдніх школ.

– Хацелася б пашырыць геаграфію нашых гульцоў, мы заўсёды ў пошуку таленавітых хакеістаў, якія маюць здольнасці, жаданне і магчымасць трэніравацца разам з намі, дадаў ён.

Кожную гульню юных хакеістаў падтрымліваюць іх самыя блізкія людзі, і гэта не стала выключэннем.

Вольга Макарчык і Аксана Іванчык:

– Нашы сыны Яўген Макарчык і Мацвей Іванчык сёння ў асноўным саставе “Алмаза”. Хлопцы трэці год удзельнічаюць у абласных спаборніцтвах, ужо дзве перамогі за плячыма. Спадзяёмся, што абодва паедуць на рэспубліку і пакажуць там высокі вынік. Зараз з намі і новае пакаленне хакеістаў – дачка Сафія Макарчык, якая ўжо трэніруецца з клюшкай і хутка таксама далучыцца да зборнай раёна.

Дзмітрый Чапялоў:

– Пачуццё ад гульні – гонар за нашых хлопцаў і Дзятлаўскі раён. Я прыехаў на хакей разам са сваімі сынамі Іванам і Радзівонам – будучымі гульцамі каманды “Алмаз”. Яны ўжо трэніруюцца, пакуль не ў аснове, але ў нас усё наперадзе – хутка там будзем. Мы з гэтага года пачалі займацца хакеем, сам важу іх на трэніроўкі.

Алег Урбан:

– Мы прыехалі “хварэць” за сваю любімую каманду “Алмаз”. Ужо некалькі гадоў запар на ўсе спаборніцтвы ездзім падтрымліваць нашага сына Яраслава, які ў зборнай гуляе пад нумарам 16, але перажываем аднолькава за ўсіх хлопцаў. Жадаем ім далейшых перамог і поспехаў, бо яны – наша будучыня.

У сакавіку пройдзе заключны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў у дывізіёне “Б” сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на якім “Алмаз” прадставіць Гродзенскую вобласць.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga