Любімы горад, красуй у стагоддзях. Дзятлаву – 525! Сімвалы горада

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Кожны жыхар Дзятлаўшчыны бачыў на плошчы 17 Верасня ў райцэнтры герб. Гэта афіцыйны геральдычны сімвал нашага горада.

Але ці кожны ведае, калі ён быў створаны, якія гістарычныя падзеі пакладзены ў аснову, хто яго аўтар?

Сімвалы нашага горада (герб і сцяг)  былі зацверджаны ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 590 ад 1 снежня 2004 года. Аўтарам герба і сцяга з’яўляецца Пётр Русаў, які ў той час працаваў вядучым археолагам у Беларускім рэстаўрацыйна-праектным інстытуце, займаўся даследаваннем і вывучэннем археалагічных помнікаў Дзятлаўскага раёна, праводзіў раскопкі ў Дзятлаве.

Герб горада выглядае так: “На блакітным полі варажскага шчыта на трох зялёных пагорках залатыя ўязныя вароты, на блакітным шчыце якіх знаходзяцца шасціканцовая зорка і месяц вострымі канцамі ўверх залатога колеру – радавы герб Астрожскіх. Край сярэбраны.”

Пад 1253 год Іпацьеўскі летапіс засведчвае пра паход Галіцка-Валынскага войска ад Слоніма да Наваградка і сутыкненне яго з атрадам Наваградскага княства: “… и послаша сторож Литва на озере Зьято и гнаша через болота реки Шчары…”. Пётр Русаў на падставе вывучэння картаграфічнага і гістарычнага матэрыялаў рэчышча Дзятлаўкі лічыць, што ў мінулым возера Зьято  знаходзілася ў рэчышчы менавіта гэтай рэчкі за 2,5 км заходней Дзятлава. Пётр Аляксандравіч  выказаў меркаванне аб існаванні ў 1253 годзе побач з возерам Зьято ўмацавання або заставы, якая прыкрывала Навагрудак з боку Слоніма і вакол якой з цягам часу магло ўтварыцца паселішча.

Дакументальныя сведчанні аб Дзятлаве датуюцца 1498 годам, калі населены пункт Зецела і воласць былі перададзены вялікім князем літоўскім Аляксандрам гетману найвышэйшаму князю Канстанціну Астрожскаму з правам заснавання мястэчка і будаўніцтва замка. Драўляны Дзятлаўскі замак Канстанціна Астрожскага ўзгадваецца ў актах за 1500 год. У канцы XVII стагоддзя Зецела пераходзіць да Сапегаў, а з 1685 года – да Радзівілаў, пры якіх замак адбудоўваецца. Ён акружаны абарончым ровам і земляным валам са сценамі-гароднямі і вежамі.

Археолаг Пётр Русаў на працягу 1990-2003 гадоў праводзіў археалагічныя раскопкі сучаснага Дзятлава, што дазволіла акрэсліць межы і таўшчыню культурных напластаванняў позняга Сярэднявечча. На левым беразе рэчкі Дзятлаўкі выяўлены абарончы роў, які з’яўляўся натуральнаю мяжою замка ў XVI-XVII стагоддзях. На яго схіле адкрыліся рэшткі колішняй драўлянай сценкі, якая магла быць адной з вежаў абарончага рова або падпорнаю сценкай схілу вала.

Магчыма, што падчас Паўночнай вайны 1700-1721 гадоў драўляна- земляныя ўмацаванні старога замка і стратэгічная дыспазіцыя мястэчка, прыкрытага ад шведскага войска Нёманам, паспрыялі размяшчэнню ў 1708 годзе галоўных сілаў рускай арміі на чале з царом Пятром I у Зенцоле (Дзенцоле). Замак быў спалены ў тым жа годзе. 3 таго часу ён не аднаўляўся, і ў 1751 годзе на прылягаючай тэрыторыі ўзведзены палац. У яго архітэктуры выкарыстаны элементы, уласцівыя замкавым умацаванням: контрфорсы па вуглах і дзве трох’ярусныя вежы, фланкіраваныя па баках будынка. Рэшткі адной з вежаў выяўлены Пятром Русавым пры археалагічных раскопках 1991 года.

Такім чынам, гісторыя Дзятлава ад ранняга і да канца позняга Сярэднявечча засведчвае першаасноўнасць замкавага характару паселішча. Спачатку гэта была невялікая застава каля возера на шляху паміж Слонімам і Наваградкам. У познім Сярэднявеччы тут узводзяцца драўляна-земляныя ўмацаванні замка. У XVIII стагоддзі стратэгічнае значэнне замкаў страчвае сэнс, але ўся сярэдневяковая гісторыя паселішча звязана з яго характэрнай асаблівасцю – замкам.

Значны перыяд гісторыі горада звязаны з замкам, таму сімвалічна, што менавіта ён пакладзены ў аснову герба нашага роднага горада.

Разам з гербам быў створаны і зацверджаны сцяг, які прадстаўляе сабой вексілалагічную (сцяжную) інтэрпрэтацыю герба. У ім выкарыстаны колеры герба: “Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру са стасункамі бакоў 1 : 2. У ніжняй частцы яго гарызантальна месцяцца знізу ўверх тры роўныя памерамі палосы адпаведна белага, зялёнага і жоўтага колеру”.

Сімвалы горада ствараюцца на стагоддзі, адлюстроўваючы багатае мінулае, асаблівасці, прыкметнасці, славутасці мясцовасці.

Матэрыял падрыхтавала Вольга ЦЮШЛЯЕВА,
дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: