Любімы горад, красуй у стагоддзях. Дзятлаву – 525! Плошча 17 Верасня

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Цэнтрам любога колішняга беларускага мястэчка была плошча.

Сваю назву атрымлівалі ад той функцыі, якую неслі – тут праходзілі таргі: ярмаркі, базары, кірмашы. Таму звычайна называліся Рыначнымі ці Базарнымі. У Дзятлаве плошча таксама называлася Рыначнай.

Раней яна насіла назву “Плошча 11 лістапада” (у гонар свята Незалежнасці Польшчы). Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе атрымала новую назву “Плошча 17 Верасня”. Так яна называецца і сёння. Але ў час Вялікай Айчыннай вайны немцы перайменавалі яе ў “Пляц Адольфа Гітлера”.

Плошча мястэчка ўзнікла ў першай палове ХVI стагоддзя, адначасова з пабудовай касцёла. Паводле парафіяльных дакументаў драўляны касцёл Успення Найсвяцейшай Дзевы Марыі (назва пададзена паводле статуту касцёла) быў пабудаваны ў 1515 годзе. Выява яго не збераглася. Магчыма, Рыначная плошча першапачаткова адрознівалася сваімі памерамі і абрысамі ад сучаснай.

Справа ў тым, што ўсе пабудовы – і касцёл, і дамы на плошчы – былі драўляныя. Яны падвяргаліся шматлікім пажарам. Калі ў 1624 годзе ўладальнік Дзятлава Леў Сапега вырашыў пабудаваць мураваны храм, ён не мог размясціць яго так, як патрабавалі рэлігійныя каноны – з усходу на захад. Усе бакі плошчы былі шчыльна забудаваны, знаходзіліся ў прыватным уладанні і размясціць касцёл як трэба, было немагчыма. Давялося будаваць так, як цяпер ён стаіць – апсіда і алтар зарыентаваны на поўнач-поўдзень. Таму, можна меркаваць, што з 1646 года, года заканчэння ўзвядзення мураванага касцёла, Рыначная плошча набыла сучасныя абрысы.

Прывілеем князя Канстанціна Астрожскага ад 1570 года было выдзелена месца пад касцельны пляц – цяпер гарадскі сквер. Ад Рыначнай плошчы да яго вяла вуліца, якая злучала рынак і пляц праз масток. У XIX стагоддзі вуліца называлася “Касцельны завулак”. Пралягала яна крыху на поўдзень ад цяперашняй вуліцы А. Міцкевіча, там, дзе Памарайка зліваецца з Дзятлаўкай. Вуліца знікла пасля перабудовы гэтай часткі горада ў 60-я гады мінулага стагоддзя.

У XIX стагоддзі на касцельным пляцы размяшчаліся: драўляная багадзельня, кароўнік, павець на дровы, крама. Пляц быў агароджаны, потым абсаджаны дрэвамі. У 1894 годзе ўсе пабудовы згарэлі і пляц пачалі выкарыстоўваць пад агарод. У канцы 1914 года, паводле загаду ваеннай улады, частка касцельнага пляца была аддадзена для пахавання “8 ніжніх чыноў рускай арміі”, якія памерлі ў дзятлаўскім шпіталі. У агульную магілу пазней хавалі і нямецкіх салдат, якія загінулі ў 1915-1916 гадах. Магчыма, былі пахаванні і ў 20-я гады.

Акрамя дрэў гарадскога парку і сажалкі да 90-х гадоў мінулага стагоддзя на былым касцельным пляцы размяшчаліся два будынкі былой плябаніі ксяндза – пабудовы стаялі насупраць інтэрната завода “Будкомплекс”. Каля іх была вырыта сажалка, узровень вады якой падтрымліваўся плацінаю. У 70-80-х гадах адзін будынак выкарыстоўваўся пад жыллё, у другім знаходзілася радыётэлевізійная майстэрня. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў гэтых пабудовах размяшчаліся школьныя класы, летам – піянерскі лагер. Дамы не захаваліся, былі знесены ў канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Зараз на іх месцы гарадскі сквер, мемарыял Герояў Савецкага Саюза генерал-маёра Я. Я. Фогеля, палкоўніка П. Г. Пятрова, брацкая магіла салдат і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Але вернемся ў мінулае. Чарговы катастрафічны пажар, якія здарыўся ў Дзятлаве ў 1743 годзе, знішчыў не толькі драўляныя пабудовы Рыначнай плошчы, але і значна пашкодзіў мураваны касцёл – звонку і ўнутры. Пасля пажару ад касцёла засталіся толькі сцены, прыкладна да ўзроўню апораў зводаў. Самі зводы абваліліся. Тэмпература была такая высокая, што згарэла нават тое, што знаходзілася ў падвалах будынка.

У 1751 годзе касцёл перабудавалі па праекце архітэктара А. Асікевіча. Пасля чарговага пажару 1882 года быў заменены дах будынка. Касцёл абнеслі каменнай сцяною. Сцяна была аздоблена чатырохслуповаю брамаю і вуглавымі чатырохграннымі вежамі пад барачнымі чарапічнымі дахамі “з заломам”. Да ўсходняй часткі сцяны пазней былі прыбудаваны каменныя аднапавярховыя гандлёвыя лаўкі, у паўночную частку сцяны былі ўмураваны кольцы для канавязі. Сцяна не захавалася, была разабрана ў 60-я гады XX стагоддзя.

Паводле кнігі Фёдара КРАСЮКА “Зецела або падарожжа па старых вуліцах Дзятлава”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: