Дзелавы панядзелак. Ініцыятывы і планы

Важнае Улада

Пра гібель на пажары, жывёлагадоўлю, капітальныя рамонты, поспехі школьнікаў і іншае гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

З прыцэлам на вясну

Аграрыі раёна прадаўжаюць падрыхтоўку да веснавых палявых работ. Як было адзначана на нарадзе, па назапашванні ўгнаенняў практычна ўсе гаспадаркі “падцягнуліся”. Зараз толькі варта ажыццяўляць кантроль за якасцю захоўвання ўгнаенняў, дзе неабходна, скарыстацца тэхналогіямі і знізіць вільготнасць у памяшканнях.

Андрэй Садоўскі таксама падкрэсліў, што на мінулым тыдні ў час сумеснага з першым намеснікам – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталіем Шулейкам аб’ездзе сельгаспрадпрыемстваў парадавала, як актывізавалася работа на мехмайстэрнях. Механізатары выйшлі з водпускаў, закуплены запчасткі, тэхніка рамантуецца, рыхтуецца да тэхнічнага агляду.

Што датычыцца жывёлагадоўлі, за студзень стабільна спрацавалі гаспадаркі па малацэ і вырошчванні буйной рагатай жывёлы. Застаецца “доўгайграючая” праблема па свінагадоўлі ў ААТ “Граніт-Агра”. Пагалоўе свіней зменшылася на 4,5 тысячы.

Малако ўцякло

Пару гадоў таму ў Англіі жыхар населенага пункта Канві-Айленд злавіў злодзея, які краў малочныя прадукты, пакінутыя малочнікамі каля парога яго дома. Праглядаючы запісы з камеры вонкавага назірання, брытанец убачыў, што лісіца, якая жыве ў мясцовым лесе, як мінімум двойчы забірала яго малако. А хто крадзе малако на дзятлаўскіх фермах?

На мінулым тыдні супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама выехалі на начную праверку вартаўнікоў. На адной з фермаў КСУП “Жукоўшчына” быў затрыманы ў нецвярозым стане стораж. Тут жа – і аператар машыннага даення “пад шафэ” ды яшчэ і з 60 літрамі малака, налітага ў пластыкавыя каністры, ён накіроўваўся дадому пасля вячэрняй дойкі. Немудрагелістая тактыка крадзяжу і далейшая, так бы мовіць, рэалізацыі малака насельніцтву “напрамую” з гаспадаркі. А ў статыстычных даных КСУПа потым “падаюць” надоі.

Разабрацца па гэтым здарэнні даў даручэнне старшыня райвыканкама адказным службам.

Героям гарачых пяскоў

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які адзначаецца 15 лютага, на Дзятлаўшчыне пройдуць дыялогавыя пляцоўкі з удзелам моладзі, сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі ў навучальных установах. Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, запланавана больш за 30 мерапрыемстваў.

На Дзятлаўшчыне зараз жывуць 70 воінаў-афганцаў.

– Вялікую значнасць мае для маладога пакалення захаванне памяці аб тых, хто прайшоў вайну. А памяць пра вайну жывая ў сэрцах сведкаў жудасных падзей у Афганістане, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Воіны-інтэрнацыяналісты – узор мужнасці і гонару.

15 лютага каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам у райцэнтры пройдзе традыцыйны мітынг-рэквіем з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, школьнікаў. Тут пачнецца і памятны маршрут воінаў-афганцаў па Дзятлаўшчыне. Пагутарыць са старшынёй райвыканкама ў спакойнай абстаноўцы на хвалюючыя тэмы яны змогуць за круглым сталом, які пройдзе ў гэты дзень на базе Новаяльнянскай школы.

Нагадаю, у Новаяльнянскай і Дварэцкай школах, дзе вучыліся загінулыя воіны-інтэрнацыяналісты Аляксандр Шылаў і Дзмітрый Лазовік, піянерскія атрады носяць іх імёны, а ў школьных музеях навучальных установаў створаны прысвечаныя ім тэматычныя куткі. Кожны год “шэфы” з ліку школьнікаў прыбіраюць магілы салдат на мясцовых могілках, аддаючы даніну памяці славутым землякам.

Іншыя тэмы коратка

31 студзеня рэарганізаваны Дзятлаўскі камбінат бытавога абслугоўвання шляхам далучэння яго да РУП ЖКГ. Як адзначалася на нарадзе, усе традыцыйныя бытавыя паслугі прадпрыемствам будуць выконвацца як раней. Арэндатары таксама застануцца на сваіх месцах, зараз ідзе перазаключэнне з імі дагавораў.

****

У планах кіраўніцтва раёна – будаўніцтва ў Дзятлаве трохпавярховага жылога дома на 20-24 кватэры ў 2024 годзе.

Аддзелу жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама даручана высветліць настрой і пажаданні дзятлаўчан, якія стаяць на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, растлумачыць магчымасці будаўніцтва кватэр ільготным катэгорыям грамадзян.

****

Арганізацыйны камітэт вызначыўся з днём святкавання 525-годдзя горада Дзятлава. Урачыстасці пройдуць 3 ліпеня ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

****

Навуковы праект настаўніцка-вучнёўскага тандэма Аляксандра Баковіча і яго педагога Сяргея Сокала з Новаяльнянскай школы заняў першае месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”. У якасці прыза навучальная ўстанова атрымае 20 тысяч рублёў, якія павінны быць абавязкова патрачаны на энергазберажэнне.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga