Для тых, хто падарожнічае “Дарогамі Дзятлаўшчыны”

Важнае Спорт і турызм

Спажывец заўсёды жадае атрымліваць якасны прадукт, ці гэта будзе тавар, ці паслуга.

На гэта скіраваны патрабаванні новага закона “Аб турызме”, які пачаў дзейнічаць у Беларусі з 1 студзеня 2023 года. Асобныя змяненні тычацца абавязковай атэстацыі ў Нацыянальным агенцтве па турызме экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, якія спецыялізуюцца на маршрутах унутранага турызму.

Атэставаны экскурсавод – гарантыя якасці экскурсійнага абслугоўвання, аб гэтым турысты не павінны забываць. У нашым раёне такім экскурсаводам з’яўляецца інструктар-метадыст Дзятлаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба Алена Абрамчык. Алена Рыгораўна расказала, што яна прапаноўвае тым, хто жадае як мага больш цікавага даведацца пра наш раён.

– Маршрут “Дарогамі Дзятлаўшчыны” распрацаваны на аснове знакавых аб’ектаў раёна, для сябе ўмоўна называю яго “залатым кальцом Дзятлаўшчыны”. Пачынаецца экскурсія з плошчы 17 Верасня райцэнтра, прадаўжаецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, затым адбываецца знаёмства з гісторыяй яўрэйства і яўрэйскімі дамамі. Далейшы шлях пралягае ў Наваельню, дзе турысты даведваюцца пра славутасці  пасёлка, потым дарога ідзе праз Лапушна, Дварэц, Раготна, адтуль міма Саннікоў – у Горку. Затым па крузе вяртаемся праз Юравічы на Міроўшчыну, там знаёмімся з гісторыяй роду Стравінскіх спачатку ў Міроўшчыне, затым у Накрышках і Парэччы, дзе Янам Стравінскім быў заснаваны спіртзавод. Пасля вяртаемся ў Дзятлава паўз Жыбартоўшчыну, дзе знаходзіцца сядзіба Дамейкаў, расказваю турыстам пра нашага славутага суайчынніка Ігната Дамейку, таксама наведваем гарадскія могілкі – капліцу Стравінскіх і мемарыял ахвярам вайны “Дзеці ліхалецця”. Наступныя пункты нашага маршруту – Праабражэнская царква і сабор навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай, палац Радзівілаў, апошні пункт – помнік Іосіфу Філідовічу. Як бачыце, пасля круга па раёне вяртаемся ў райцэнтр, дзе турысты могуць пагуляць самастойна, пафатаграфавацца.

Маршрут распрацоўвала сама, карыстаючыся метадычнымі матэрыяламі Нацыянальнага агенцтва па турызме, можна сказаць, была першапраходцам. На экзамен, які праходзіў у выглядзе камп’ютарнага тэсціравання і абароны экскурсіі мяне накіроўваў сектар спорту і турызму райвыканкама. Кансультацыю аказвалі спецыялісты агенцтва, бо найчасцей экскурсію пішуць навукоўцы. Маршрут вельмі цікавы, аповед вяду не толькі на аб’ектах, але і ў дарозе, закранаю розныя тэмы: ваенны час, партызанскі рух, славутыя шляхецкія роды. Адбываецца своеасаблівае пагружэнне ў гісторыю Дзятлаўшчыны, пачынаючы з 13 стагоддзя, калі ўпершыню ў Іпацьеўскім летапісе было ўзгадана пасяленне на возеры З’ята, і заканчваючы рэаліямі нашага часу, таму прасочваецца вялікі гістарычны пласт, звязаны з нашай малой радзімай.

Экскурсіяй ужо скарысталіся некаторыя арганізацыі раёна. Работнікі былі задаволены, бо нават месцічы рэдка дасканала ведаюць гісторыю свайго краю. На Дзятлаўшчыне шмат цікавага, хаця маёнткі і не захаваліся, акрамя Жыбартоўшчыны, аднак ёсць фотаздымкі, якія дэманструем, можна пабачыць, як выглядалі мясціны раней. Увогуле, наш раён кампактны, аднак мае шмат цікавых аб’ектаў.

Папулярызуем самае цікавае з дапамогай буклетаў, цяпер яшчэ ажыццяўляем запіс для аўдыёгідаў, якія потым змогуць арандаваць усе жадаючыя і самастойна падарожнічаць па пэўных маршрутах. Мяркую, у далейшым атрымаецца зрабіць мабільны дадатак. Яго можна будзе скачаць на тэлефон за пэўную плату і таксама карыстацца.

Безумоўна, у інтэрнэце таксама можна знайсці шмат гістарычнай інфармацыі, аднак у тэксце маёй экскурсіі яна ўжо выверана навукоўцамі. У састаў атэстацыйнай камісіі ўваходзіў і быў маім кансультантам кандыдат гістарычных навук Сяргей Бусько. Кожная дата, кожная назва правераны, тлумачацца турысту, разам з тым, экскурсавод можа адказаць на пытанні, паглыбіцца ў матэрыял, даць дадатковую інфармацыю – гэта жывая прыемная размова, якая пакідае станоўчыя ўражанні ў людзей.

Можам прапанаваць не ўвесь маршрут, а толькі па Дзятлаве. Такім чынам спадзяёмся зацікавіць адпачывальнікаў санаторыяў “Радон” і “Альфа Радон”, якім прасцей паміж працэдурамі падабраць час на двухгадзінную экскурсію па райцэнтры. Павольная пешая прагулка ўключае азнаямленне з дзятлаўскай плошчай, былой сінагогай, помнікам Іосіфу Філідовічу, каменем на месцы былога дзіцячага дома, царквой, палацам Радзівілаў, капліцай і мемарыялам “Дзеці ліхалецця” на могілках, абеліскам, помнікамі Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў парку, Ігнату Дварчаніну. Атрымаецца грунтоўнае знаёмства з горадам і яго гісторыяй ад мястэчка Зецела да нашых дзён.

У перспектыве распрацоўваецца інтэрактыўная экскурсія “Дзятлава – яўрэйскае мястэчка”. Лакацыя – плошча райцэнтра і мікрараён сінагогі. Дзейства будзе з пераапрананнем, знаёмствам з яўрэйскай культурай, музыкай, гастранамічнымі момантамі. Паспрабуем дамовіцца з “Лепім самі”, каб прыгатаваць і пакаштаваць якую-небудзь кашэрную страву, прагледзець ролік аб нацыянальным абрадзе, магчыма, вяселлі. Словам, пагрузіць гасцей у яўрэйскую культуру.

Такім чынам мы спрабуем паказаць наш горад і раён усебакова, спадзяёмся, у далейшым будзе развівацца і такі кірунак, як вытворчы турызм.

Даведка: на Дзятлаўшчыне папулярнасцю карыстаюцца водныя маршруты, навагодні квэст “Ключы Бабулі Зімы”, народны музей Новаяльнянскай школы “Дзеці ліхалецця”, майстар-клас па ганчарнай справе Анатоля Кардаша, праграмы гурта “Суседзі”, атэставаны маршрут “Дарогамі Дзятлаўшчыны”. Даведацца пра іх і іншыя славутасці раёна можна на старонцы Instagram “VizitDyatlovo”, на You Tube-канале “Турызм у Дзятлаве”, сайце ФСК, а таксама на рэспубліканскіх інтэрнэт-пляцоўках “Belarus.travel”, дзе Дзятлаўскі раён прадстаўлены 73 аб’ектамі, на сэрвісе браніравання “Vetliva” размешчаны 31 аб’ект нашага раёна.

Ірына СТЫРНІК          

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga