Быць дастойнымі сынамі сваёй Айчыны

Галоўнае Культура і адпачынак

Як служылі нашы салдаты ў Афганістане, якія лісты пісалі дадому, аб чым марылі?

Усё гэта і многае іншае пра тую далёкую вайну даведаліся навучэнцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава ў час сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі Алегам Драгунскім і Аляксандрам Юргелем, якая адбылася ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Беларуская зямля ў той вайне панесла вялізныя страты. Каля 800 нашых салдат, сяржантаў і афіцэраў загінулі ў афганскіх гарах, 12 зніклі без вестак, 718 вярнуліся інвалідамі, больш за паўтары тысячы чалавек атрымалі раненні, кантузіі і практычна кожны – глыбокі след на душы.

Аднак без мінулага няма будучыні. Як ні складана воінам-афганцам узгадваць тыя гады, яны дзеляцца з моладдзю сваімі ўспамінамі, каб не забывалася гісторыя, а людзі бераглі мір на роднай зямлі.

– Мы былі юныя і рамантычныя, патрапілі служыць у прыгожую краіну, якая здзівіла і ўразіла нас, – узгадаў тыя часы Алег Драгунскі. – Але ўся рамантыка хутка “зляцела” пасля першага ж абстрэлу, калі кожная куля магла падзяліць твой лёс на жыццё і смерць.

Алег Вячаслававіч расказаў, як у пустынях Афгана загартоўваліся мужчынскія якасці характару, правяралася сапраўдная дружба. Ён і сёння падтрымлівае сувязь з саслужыўцамі, большасць з якіх жывуць у Расіі, праз сацыяльную сетку “Аднакласнікі”.

Аляксандр Юргель расказаў пра клімат і быт на афганскіх землях, пра тое, што савецкія салдаты не толькі адбівалі атакі душманаў, але пракладвалі дарогі, будавалі водаправоды, дапамагалі мясцоваму насельніцтву. Ён узгадаў, з якім гонарам адпраўляў дадому фотаздымкі ў ваеннай форме, каб родныя бачылі, як узмужнеў, стаў сапраўдным салдатам. Пра цяжкасці, небяспеку і смерць у лістах на радзіму не пісалі, бераглі пачуцці родных.

На развітанне воіны-інтэрнацыяналісты пажадалі падлеткам служыць толькі ў мірны час, аберагаць родную Беларусь, ганарыцца ёю і быць дастойнымі сынамі сваёй Айчыны.

Ад музея яны атрымалі памятныя падарункі з краявідамі Дзятлава.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: