Аляксандр Садаўнічы: “Сур’ёзных праблем не было”

Галоўнае Улада

10 лютага ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію правялі першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Аляксандр Садаўнічы і пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго.

Паступіў адзін тэлефонны званок ад жыхаркі райцэнтра, якую цікавілі адразу некалькі пытанняў. Па-першае, як для насельніцтва фарміруюцца цэны на газ. Сама жанчына жыве ў шматкватэрным жылым доме з усімі выгодамі, прычым “блакітнае паліва” ў яе падключана да газавай пліты і воданагравальнай калонкі. Тарыф за спажыванне газу атрымліваецца вышэйшы, чым у знаёмых, якія маюць ацяпляльныя газавыя катлы, што і зацікавіла заяўніцу.

Адразу ў час прамой тэлефоннай лініі на яе пытанне адказаў галоўны інжынер Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Сяргей Тухто. Ён адзначыў, што летась Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь устаноўлены два тарыфы на газ для насельніцтва. Першы тычыцца дамоў і кватэр, дзе ўсталяваны газавыя ацяпляльныя прыборы-катлы. За кубічны метр газу такія спажыўцы круглы год плацяць па 0,1997 рубля. Для тых, у каго катлоў няма, аднак ёсць газавыя пліты і калонкі, кубаметр “блакітнага паліва” каштуе 54 капейкі. Жанчыну тлумачэнні задаволілі.

Наступнае пытанне тычылася якасці капітальнага рамонту шматкватэрнага дома, у якім размяшчаецца кватэра заяўніцы. Яна палічыла, што ў час работ дах не быў уцеплены, а пад’езд адрамантаваны недастаткова, пры гэтым яна не ўпэўнена, што адпаведная камісія прыняла дом у эксплуатацыю пасля капрамонту, таму, лічыць, і засталіся “недаробкі”.

Сітуацыю патлумачыў начальнік Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк. Ён падкрэсліў, што шматкватэрны жылы дом заяўніцы прыняты ў эксплуатацыю ў поўнай адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, прычым аб’ект наведвалі ў тым ліку і прадстаўнікі дзяржкантролю. Што тычыцца даху, то ён уцеплены пенапластам – гэты матэрыял выбраў праекціроўшчык пасля ацэнкі ўсіх асаблівасцяў будынка. Выбар жа на карысць матэрыялаў для рамонту пад’езда і аб’ём работ зрабілі самі жыльцы ў час дамавога сходу, бо яны іх і аплачвалі. Звычайна камунальнікі прапануюць уласнікам кватэр адразу некалькі розных варыянтаў рамонту на выбар. На этапе ўзгаднення ўсе жыльцы, у тым ліку і заяўніца, выбралі больш спрыяльны для іх варыянт і падпісалі ўсе дакументы.

Апошнія пытанні заяўніцы тычыліся асвятлення ў падвальных памяшканнях шматпавярхоўкі і лямпы над дзвярамі ў іх пад’ездзе. Пасля капітальнага рамонту электразабеспячэнне падвальных памяшканняў было “адрэзана”, жыльцам кватэр прапанавалі вырабіць праектныя дакументы для яго падвядзення і ўсталяваць асабістыя лічыльнікі электраэнергіі. Больш да гэтай тэмы не звярталіся, аднак, па словах жанчыны, некаторыя прадпрымальныя жыльцы ўпотай зрабілі ўрэзкі і зноў карыстаюцца электрычнасцю. Жанчына прасіла ўхіліць такую несправядлівасць.

Просьба наконт лямпы над пад’ездам тычылася рэжыму яе работы: заяўніца адзначыла, што святло доўга гарыць раніцай, калі яно не патрэбна, але рана гасне вечарам, калі цёмна.

Васіль Пяцюк даў тлумачэнні і наконт гэтых пытанняў. Ён заўважыў, што патрабаванні да падключэння электрычнасці ў падвальных памяшканнях дома не памяняліся: па-ранейшаму неабходны праект і індывідуальныя лічыльнікі. Калі ж у жыльцоў ёсць незаконныя падключэнні, ім дадуць пэўны час іх узаконіць – у адваротным выпадку да парушальнікаў выкарыстаюць меры адказнасці, згодна з патрабаваннямі дзеючага заканадаўства. З рэжымам работы лямпы над пад’ездам усё значна прасцей – яго перагледзяць, зробяць больш рацыянальным.

Аляксандр Садаўнічы даў сваю ацэнку прамой тэлефоннай лініі ў Дзятлаве:

– Галоўнае, што парадавала, адсутнасць у Дзятлаўскім раёне сур’ёзных праблем, калі ж яны ёсць, то вырашаюцца на месцы, і няма неабходнасці прыцягваць якія-небудзь староннія органы.

У той жа час сустракаюцца асобныя жыццёвыя пытанні: людзі ставяць пад сумненне якасць рамонту, або, што часта бывае, і сённяшні прыём не выключэнне, паслухаюць адзін аднаго ў размове і цікавяцца: “чаму розныя тарыфы, чаму я аплачваю так, а мае знаёмыя па-іншым тарыфе”. У такіх выпадках трэба растлумачваць, што мы і зрабілі: запрасілі спецыялістаў, кампетэнтна расказалі жанчыне, што і як, – і пытанне адразу знялося. Я не лічу, што гэта была праблема, аднак раз людзей хвалююць падобныя рэчы, то тлумачэнні неабходны.

У цэлым, наша работа прайшла спакойна, чагосьці, што б паказвала на недапрацоўкі мясцовых органаў выканаўчай улады, няма. Людзі працуюць на сваіх месцах, асноўныя праблемы вырашаюцца на раённым узроўні, як і павінна быць.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga