Увага і дабрыня таксама лечаць

Важнае Грамадства Падзеі

У гэтым упэўнены ўдзельнікі дабрачынных акцый – навагодняй “Нашы дзеці” і моладзевай “Цуды на Каляды”.

З салодкімі падарункамі і пажаданнямі хутчэйшага выздараўлення і бадзёрасці духу да пацыентаў дзіцячага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы завіталі першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марына Абрамчык і старшыня прафсаюзнай пярвічкі Дзятлаўскай ЦРБ, доктар-педыятр Вікторыя Тыць.

Каб хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх святы засталі на лячэнні ў медыцынскай установе, не сумавалі, таксама адчулі радасць ад іх набліжэння і атрымалі важкі зарад добрага настрою, разам з гасцямі з раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прыйшлі навагоднія героі – Дзед Мароз і Снягурачка, у ролі якіх выступілі Іван Кашко і Ала Чарняўская.

Добрыя чараўнікі адразу ж аб’явілі свой візіт гадзінай спаўнення запаветных жаданняў і прапанавалі загадаць іх маленькім пацыентам і іх бацькам, узяўшыся за чароўны посах. Самае простае з жаданняў – адчуць асалоду ад свята – адразу ж выканалі самі госці, уручыўшы малечы і дарослым салодкія падарункі.

 

Каб у новым годзе больш не хварэць, усе пераступалі праз посах Дзядулі Мароза і праходзілі пад ім. Пасля імправізаванай “фізкультхвілінкі” надышоў час цёплых пажаданняў ад Кацярыны Хілімончык і Вікторыі Тыць, а Дзед Мароз і Снягурачка запрасілі прысутных у навагодні карагод.

“Вітамінка” весялосці ў гэты дзень дасталася і дзецям, і бацькам маленькіх пацыентаў, і медыцынскаму персаналу.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: