Сяргей Кухарчык: “Аўтарытэт трэба заслужыць”

Грамадства Свежыя навіны

Прафесіяналізм, адвага, гонар.

Да трох стаўпоў, на якіх трымаецца пажарная служба Беларусі, можна дадаць адказнасць, братэрства і пераемнасць. Ідзе час, мяняюцца да лепшага ўмовы працы, але па-ранейшаму важнымі застаюцца валявыя якасці саміх ратаўнікоў і сувязь пакаленняў. Аб гэтым добра ведае намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргей Кухарчык, які прысвяціў сваёй справе больш за два дзесяцігоддзі.

Сяргей Іванавіч нарадзіўся і вырас у Дзятлаве. Пасля заканчэння сярэдняй школы атрымаў адукацыю правазнаўца ў Ашмянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, у хуткім часе быў прызваны ў рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Ужо тады ён зразумеў, што служба Айчыне – яго сапраўднае прызванне, але выбраў справу не ваеннага, а ратаўніка.

У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях ён прайшоў доўгі насычаны плённымі справамі шлях: пачынаў дыспетчарам, дзе спасцігаў азы прафесіі, пасля атрымання завочна вышэйшай адукацыі ў Мінскім камандна-інжынерным інстытуце перайшоў у інспекцыю пажарнага нагляду, якую праз некаторы час узначаліў. Сёння Сяргей Кухарчык уваходзіць у лік кіраўніцтва аддзела, займаецца пытаннямі нагляду прафілактыкі надзвычайных сітуацый.

– Сяргей Іванавіч, ці шмат дадалося адказнасці ў параўнанні з першымі гадамі работы?

– У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях усе пасты адказныя, бо ад нас усіх разам залежыць вынік. Калі чалавек тэлефануе дыспетчару са сваёй бядой, з паведамленнем аб здарэнні, ён чакае хуткага водгуку. Ацаніць сітуацыю, правільна зрэагаваць на яе, калі трэба, адправіць пажарнае падраздзяленне на месца – справа дзясяткаў секунд, якія могуць выратаваць чалавечае жыццё і захаваць жыллё, маёмасць. Аднак дыспетчар адказвае толькі за свае рашэнні і дзеянні. Для работы інспектарам спатрэбіліся веды псіхалогіі і вялікае цярпенне. Гэтаму навучылі старэйшыя таварышы, з якімі мне пашчасціла працаваць. Яны раскрывалі прафесійны сакрэт: трэба растлумачыць выяўленыя парушэнні так, каб чалавек зразумеў, да якой бяды яны могуць прывесці і гэтым засцерагчы сябе і блізкіх у будучым.

– Сёння прафілактычная работа мае розныя формы і метады. Ці ёсць вынік?

– На жаль, нерэальна папярэдзіць усе на свеце пажары і гібель людзей на іх. Аднак, калі мы выратуем хаця б некалькі жыццяў і папярэдзім хаця б невялікі працэнт здарэнняў, значыць працуем не дарма. Да прыкладу, актыўная рэклама і ўстаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў штогод пацвярджаецца станоўчымі жыццёвымі выпадкамі. Калі раней на прадпрыемствах або ў арганізацыях раёна час ад часу фіксаваліся пажары, то сёння такія паведамленні зведзены да мінімуму, бо ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў высокі: яны праходзяць навучанне на базе РАНС і атрымліваюць пасведчанне. Ні на дзень не перапыняецца прафілактычная работа з насельніцтвам, нашы супрацоўнікі размаўляюць з мясцовымі жыхарамі, раздаюць памяткі, прыводзяць ім прыклады з уласнага вопыту. Дагэтуль некаторыя людзі жывуць па памылковым прынцыпе “да мяне бяда не прыйдзе”. Стараемся іх пераканаць не спадзявацца на лёс,  а прымаць меры прафілактыкі.

– Як кіраўніку заслужыць аўтарытэт падначаленых?

– На маю думку, хуткіх спосабаў не існуе. Трэба не адзін дзясятак гадоў несці службу, навучыцца падтрымліваць супрацоўнікаў і спадзявацца на іх, самому заваяваць давер і адчуць сябе часцінкай калектыву, нарэшце, заслужыць аўтарытэт рэальнымі справамі і рашэннямі. Толькі з вопытам прыходзіць уменне пасунуць эгаістычнае “я” дзеля агульнай важнай справы і дабра калектыву. У пажарнай службе вельмі важна адчуваць свае “карані”, таму кожнае прафесійнае свята мы стараемся сустракацца з нашымі шаноўнымі ветэранамі, гэта важна як для іх, так і для нас.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga