“Святкі.by” зноў на моладзевым календары Дзятлаўшчыны

Важнае Культура і адпачынак

З невялікім перапынкам на Дзятлаўшчыну вярнулася добрая традыцыя – ладзіць адметнае моладзевае свята “Святкі.by”.

Праходзіць гэта вечарына з ініцыятывы раённага камітэта ГА “БРСМ” і Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці пры падтрымцы прафсаюзных арганізацый.

Лакацыяй “Святак-2023” у чарговы раз стаў рэстаран райцэнтра “Ліпічанка”, не змяніўся і характар мерапрыемства: па-ранейшаму яно было багатым на жарты, творчасць, весялосць, новыя знаёмствы і танцы.

Агеньчык для працоўнай моладзі аб’яднаў на адной творчай пляцоўцы прадстаўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, установаў адукацыі, аховы здароўя, дзяржаўных установаў Дзятлаўскага раёна.

На сустрэчу да маладых спецыялістаў, каб пажадаць ім поспехаў на старце ў прафесію, прыйшлі першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, галоўныя спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марына Абрамчык і Аляксей Якаўчык.

– Рада зноў вітаць вас на нашым традыцыйным мерапрыемстве “Святкі.by” пасля двухгадовага перапынку, – звярнулася да ўдзельнікаў сустрэчы Кацярына Хілімончык. – Жадаю атрымаць масу задавальнення і цудоўна правесці вечар, а яшчэ – здароўя, удачы, поспехаў, павагі, каб вы праслаўлялі нашу Дзятлаўшчыну далёка за яе межамі, уключайцеся ў работу і грамадскія справы, будзем супрацоўнічаць, усяго вам найлепшага.

З вітальным словам да моладзі таксама звярнуліся Марына Абрамчык, якая параіла ніколі не баяцца звяртацца па дапамогу да старэйшых калегаў, і Аляксей Якаўчык, які заклікаў любіць свой родны куток і Радзіму не толькі на словах, але і на справе, значыць, стараннай працай мяняць іх да лепшага.

Поспехаў у рабоце і творчасці сваім калегам і ўсім маладым работнікам раёна пажадала спецыяліст цэнтральнай раённай бальніцы, старшыня моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, прадстаўніца моладзевага парламента пры Савеце Рэспублікі – Вікторыя Тыць. Яна падкрэсліла, што менавіта пераемнасць пакаленняў і дапамога старэйшых супрацоўнікаў спрыяюць паспяховаму развіццю і ўдасканаленню прафесійных навыкаў.

Галоўны спецыяліст КСУП “Войневічы” Наталля Скібінская зычыла прысутнай моладзі, каб у яе ніколі не апускаліся рукі і самыя смелыя працоўныя планы ўвасабляліся ў жыццё.

Не пакінулі шанцаў застацца без творчага задання маладым прадстаўнікам працоўных калектываў вядучыя вечарыны Наталля Бузук, Чэслаў Свіб і Алена Касцюк. Жартоўныя іспыты, вясёлыя конкурсы, нават “экзамен” на акцёрскае майсэрства чакалі ўсіх прысутных.

Сапраўднай інтрыгай для ўдзельнікаў “Святак.by” стала прапанова зазірнуць у будучыню, выцягнуўшы скрутачак з вершамі-прадказаннямі і паслухаўшы гараскопы ад работнікаў культуры на новы 2023 год.

Прайшла моладзь і “казачнае-музычнае выпрабаванне”, паспытаўшы сябе ў ролях самых вядомых герояў з кніжных паліц і кінастужак. “Гарачымі” выдаліся танцавальныя і песенныя батлы: вясёлыя прыпеўкі і песня “У траве сядзеў кузнечык”, выкананая ў розных музычных стылях, нікога не пакінулі раўнадушнымі.

Хапіла ў маладых удзельнікаў сілаў яшчэ і на дынамічную танцавальную праграму.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: