Што чакае незадачлівага стралка?

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Пракуратура Дзятлаўскага раёна падтрымала дзяржаўнае абвінавачванне 36-гадовага мясцовага жыхара па крымінальнай справе.

Яму інкрымінаваны незаконны выраб кідальнай зброі і пагроза забойствам, баяцца ажыццяўлення якой у пацярпелых былі рэальныя падставы.

Судовым следствам устаноўлена, што жыхар аграгарадка, які працуе паляводам, бацька двух непаўналетніх дзяцей, у лютым 2022 года дома незаконна змайстраваў арбалет, які па заключэнні эксперта, атрымаўся класічным арбалетам вінтовачнага тыпу – кідальнай зброяй.

Праз некалькі месяцаў, 3 жніўня, у стане алкагольнага ап’янення незадачлівы “аўтар” арбалета пачаў пагражаць забойствам сваёй жонцы. Пагрозы на адрас “другой палавінкі” і яе непаўналетніх дзяцей ад першага шлюбу, а таксама сваіх пяцігадовай дачкі і двухгадовага сына ён прадоўжыў на падворку, трымаючы арбалет у руках. Пацярпелыя ўспрынялі сітуацыю ўсур’ёз і мелі рэальныя падставы баяцца ажыццяўлення намеру гора-стралка.

З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў суд Дзятлаўскага раёна вынес абвінаваўчы прысуд. Мужчыне прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь “Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства” ён часткова – на адзін год – вызвалены ад пакарання. Таксама, згодна з заканадаўствам, да асуджанага выкарыстаны прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму. Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Ірына ЗАБЕЛІНА,
памочнік пракурора Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga