Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Ці ўсе выконваюць работу над памылкамі?

Грамадства Свежыя навіны

Прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх і каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18.

Па выніках сацыяльных расследаванняў 4 дзяцей з адной сям’і прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы, яшчэ столькі ж з другой сям’і – у цяжкай жыццёвай сітуацыі. Прааналізавана становішча ў 3 сем’ях, з якіх раней былі адабраны пасля прызнання маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне 10 дзяцей, – работа з дарослымі прадоўжана. Прыняты рашэнні па 2 адміністрацыйных справах за пашкоджанне непаўналетнімі камунальнай маёмасці.

Каб канфлікты не прывялі да бяды

Паведамленне аб канфлікце паміж бацькамі, якія гадуюць чацвёра непаўналетніх дзяцей, прычым малодшаму няма і года, паступіла ў раённы аддзел міліцыі. Па факце здарэння, акрамя прыцягнення бацькі да адміністрацыйнай адказнасці, было праведзена сацыяльнае расследаванне, не першае, дарэчы, у гэтай сям’і – ранейшае сведчыла аб цяжкай жыццёвай сітуацыі.

На гэты раз выявілі паказчыкі сямейнага недабрабыту: перыядычныя сваркі дарослых, ігнараванне імі ў некаторых выпадках патрабаванняў медыкаў наконт лячэння дзяцей, запазычанасці за газ і электраэнергію. Разам з тым, шматдзетная сям’я забяспечвае неабходныя ўмовы пражывання дзяцей, ёсць запас харчовых прадуктаў, нядаўна часткова была аплачана запазычанасць за паслугі (засталася пеня). На жаль, гарантый, што непаразуменні паміж бацькамі таксама хутка скончацца і канфлікты не прывядуць да бяды і пагрозы жыццю дзяцей пакуль няма.

Улічыўшы вынікі расследавання і меркаванні спецыялістаў службаў прафілактыкі, якія працуюць з сям’ёй, члены каардынацыйнага савета прынялі рашэнне прызнаць непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы, хутка будзе распрацаваны і пачне рэалізоўвацца індывідуальны план работы па выпраўленні паказчыкаў сямейнага недабрабыту.

Сем’і розныя – праблемы падобныя

Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прааналізавалі, як у трох сем’ях мяняецца сітуацыя пасля прызнання дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Ці адбываецца “работа дарослых над памылкамі”?

Бацькі, у якіх пяць месяцаў таму быў адабраны сын-падлетак, здаецца, яшчэ слаба разумеюць, што асабістае выпраўленне – гэта іх апошні шанц вярнуць дзіця ў сям’ю, бо адабранне па ліку ўжо трэцяе. Літаральна за дзень да пасяджэння камісіі яны прайшлі кадзіроўку ад алкагольнай залежнасці, а да гэтага паспелі адзначыць святы так, што ўчастковы інспектар міліцыі тройчы не мог трапіць у іх дом. У чарговы раз дарослыя паабяцалі, што выправяцца, ужо пачалі касметычны рамонт у пакоях, праўда, яшчэ не пагасілі значную запазычанасць за электрычнасць. Ці скарыстаюцца яны апошняй магчымасцю для вяртання сына, пакажа час, а яго засталося ўжо няшмат – усяго месяц да рашэння камісіі.

Маладыя бацькі, дзве маленькія дачкі якіх з верасня знаходзяцца ў Гродзенскім доме дзіцяці і былі адабраны з-за бытавога п’янства і сацыяльных паказчыкаў недабрабыту, скончылі рамонт у доме, дзе жывуць бацька і брат жанчыны, і ў бліжэйшы час самі пераедуць туды. Без уласных жылых метраў маладая пара засталася з-за вялікай запазычанасці за кватэру, выдзеленую гаспадаркай бацьку, якога на той час звольнілі. Стаўшы абавязанай асобай, мужчына вярнуўся ў КСУП, прайшоў кадзіроўку ад алкагольнай залежнасці, аднак шлюб паміж ім і маці дзяцей не зарэгістраваны, хаця жанчына зноў цяжарная. З-за гэтага і адсутнасці ў бацькі грамадзянства ў сям’і няма законнага права на новае атрыманне арэнднага жылля. Тым не менш, дарослыя праяўляюць жаданне гадаваць дзяцей самастойна. Наколькі сітуацыя ў сям’і выправіцца, камісія ацэніць ужо праз два месяцы.

Маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне з-за пастаянных п’янак і нізкай сацыяльнай дысцыпліны бацькоў у лістападзе былі прызнаны чацвёра іх дзяцей. Брацца за розум дарослыя пачалі не адразу, у іх нават арыштавалі маёмасць для пагашэння запазычанасці за ўтрыманне непаўналетніх у дзяржаўных установах. Цяпер муж і жонка не маюць нараканняў на працоўную дысцыпліну, аднак варта праверыць, наколькі трывалым будзе іх цвярозае жыццё. Работа з сям’ёй прадаўжаецца.

“Праверылі”, як працуе датчык пажаратушэння

Адзін з зімовых вечароў, відаць, быў нудным для двух непаўналетніх сяброў, бо прывёў іх у тамбур інтэрната, дзе хлопцы зламалі пажарны датчык – маёмасць жылкамунгаса.

На пытанне, навошта хуліганілі, адказалі коратка: “Правяралі, як ён працуе?”.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях патлумачыў хлопцам, што, каб прыбор не зламаўся, а спрацаваў, то іх бацькам давялося б дорага заплаціць за лжывы выклік ратаўнікоў.

Для кожнага з сяброў вызначана свая мера прафілактыкі. Адзін з хлопцаў упершыню “зарабіў” адміністрацыйны пратакол у верасні мінулага года за ўжыванне алкаголю, з ім ужо праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, аднак ён зноў умудрыўся нашкодзіць. З-за адсутнасці ўласнага даходу падлетка вызвалілі ад уплаты важкага штрафу з вынясеннем папярэджання, аднак у рамках індывідуальнага плана з ім будзе працаваць яшчэ і псіхолаг.

З другім хлопцам індывідуальная прафілактычная работа скончылася мінулым летам, а цяпер за хуліганства будзе пачата новая, ён таксама атрымаў афіцыйнае папярэджанне, праінфармаваны аб тым, што пры дапушчэнні новых правапарушэнняў можа быць накіраваны ў Магілёўскую школу закрытага тыпу.

Рэўнасць – бяда для сям’і

Сацыяльнае расследаванне з-за выкліку міліцыі было праведзена ў сям’і, дзе гадуюцца чацвёра непаўналетніх дзяцей, адзін з якіх з інваліднасцю. Як паказаў аналіз, прыкметаў сямейнага недабрабыту не выяўлена, ёсць толькі складаная жыццёвая сітуацыя.

Прычынай канфлікту паслужыла сварка паміж дарослымі, пасля якой жонка “каб астыць” выйшла на каву да сяброўкі. На жаль, муж не ацаніў яе мудрага ўчынку, для сябе вырашыў, што “другая палавінка” пайшла шукаць падтрымкі ў чужога мужчыны. Мерай “выхаваўчага” ўздзеяння сталі замкнёныя дзверы, якія хатні “атэла” паабяцаў адамкнуць толькі перад праваахоўнікамі.

На шчасце, сямейная сітуацыя не адбілася на дзецях, трое з якіх, дарэчы, засталіся ў мужчыны ад першага шлюбу, чацвёрты – сумесны. Жонка даглядае іх аднолькава ўважліва, а таму раўніўцу павінна быць сорамна за свае паводзіны, бо варта б ацаніць намаганні, якія ўкладвае жанчына ў сям’ю. Дарослым члены камісіі параілі звярнуцца да сямейнага псіхолага, каб вырашыць праблемы ўзаемаадносінаў, якія могуць прывесці да новых непаразуменняў.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga