Пенсія ў 2023 годзе. Як прызначаецца?

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Са студзеня 2017 года ў Беларусі пачалося паэтапнае, на паўгода ў год, павышэнне пенійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63-х, жанчынамі 58-і гадоў.

Адпаведна гэтаму адбывалася павелічэнне ўзросту выхаду на датэрміновыя пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў.

У выніку паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту скончылася ў другой палове 2022 года, значыць, цяпер усе будуць выходзіць на пенсію наступным чынам: мужчыны ў 63, жанчыны ў 58 гадоў.

Абавязковай умовай для рэалізацыі права на працоўную пенсію па ўзросце і за выслугу гадоў, акрамя дасягнення вызначанага ўзросту, з’яўляецца наяўнасць страхавога стажу, устаноўленай заканадаўствам працягласці.

Пачынаючы са тудзеня 2017 года, страхавы стаж, неабходны для прызначэння працоўнай пенсіі, павялічваўся на паўгода ў год. Калі ў 2017 годзе патрабавалася наяўнасць не менш за 16 гадоў стажу з уплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, то ў 2023 годзе – не менш за 19 гадоў.

Выключэнне складаюць шматдзетныя маці, якія нарадзілі 5 і больш дзяцей, маці ваеннаслужачых, смерць якіх звязана з выкананнем абавязкаў ваеннай службы, інваліды вайны, інваліды з дзяцінства, ліліпуты, карлікі, бацькі дзяцей-інвалідаў – гэтым катэгорыям грамадзян для рэалізацыі права на працоўную пенсію па ўзросце патрабуецца наяўнасць не менш за 5 гадоў страхавога стажу.

Акрамя таго, да 10 гадоў зніжана працягласць страхавога стажу для аобаў, якія доўгі час ажыццяўлялі сацыяльна значныя віды дзейнасці і не змаглі сфарміраваць неабходны страхавы стаж, аднак пры гэтым маюць агульны стаж: мужчыны – не менш за 40 гадоў, жанчыны – не менш за 35 гадоў.

Пры такой жа, не менш за 10 гадоў, працягласці страхавога стажу і наяўнасці агульнага стажу ў мужчын 25 гадоў і 20 – у жанчын пенсія па ўзросце прызначаецца грамадзянам, якія доўгі час (не менш за 10 каляндарных гадоў без заліку ў гэты стаж часу знаходжання ў сацыяльным водпуску па доглядзе дзяцей) праходзілі ваенную службу, службу ў ваенізаваных арганізацыях і пры гэтым не набылі права на пенсію па нормах Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні ваеннаслужачых, асобаў кіруючага і радавога саставу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях і органаў фінансавых расследаванняў”.

Пры прызначэнні пенсіі ў 2023 годзе заробак вылічваецца за апошнія 29 гадоў перад прызначэннем пенсіі (згодна з заканадаўствам, перыяд для вылічэння індывідуальнага каэфіцыента заробку штогод павялічваецца на адзін год – да фактычнага стажу работы, што маецца ў асобы, якая звярнулася па прызначэнне пенсіі).

Алена НАВІЧЭНКАВА,
намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga