Не папаўняйце спісы пагарэльцаў

Важнае Улада

Дзелавы панядзелак.

Праблемныя пытанні мінулага тыдня, актуальныя тэмы, планы на бягучы абмеркавалі на традыцыйнай штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Першыя пажары, першае выратаванне

40-гадовы жыхар вёскі Гезгалы не папоўніў спісы пагарэльцаў дзякуючы спрацоўцы аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Напярэдадні пажару мужчына выпіваў, а потым заснуў з цыгарэтай у руцэ. Разбудзіў яго апавяшчальнік. Праз задымленыя пакоі ён ледзь выбраўся на вуліцу. Сёння гэты чалавек дзякуе членам назіральнай камісіі, што настойліва тлумачылі і ўгаварылі набыць і ўстанавіць АПА, пра што ён расказаў карэспандэнтам раённай газеты пры сустрэчы пасля інцыдэнта.

Кіраўнік раёна ў час нарады заўважыў, што гэты жыццёвы прыклад павінен стаць павучальным для ўсіх.

– Кожны павінен дасканала валодаць ведамі па пажарнай бяспецы і выконваць супрацьпажарныя патрабаванні і дома, і на рабоце, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Устанавіце ў доме аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Дзякуючы ім у мінулым годзе ў вобласці былі выратаваны 3 чалавекі, а з 2002 года апавяшчальнікі захавалі жыцці 500 жыхарам Гродзеншчыны, 50 з якіх – дзеці. Не падвяргайце небяспецы сябе і тых, хто жыве з вамі побач.

Таксама ў час абмеркавання тэмы было ўзнята пытанне аб вывучэнні населеных пунктаў раёна, асобных домаўладанняў, дзе мэтазгодным з’яўляецца ўстаноўка АПА з вывадам сігналу на спецыяльную святлогукавую прыладу, якая манціруецца на фасады дамоў.

Назіральныя камісіі працягнуць работу з насельніцтвам.

На вясновую пасяўную – без дэфіцыту ўгнаенняў

У сельскай гаспадарцы працягваюцца работы па назапашванні і набыцці мінеральных угнаенняў, вывазе арганікі, рамонце тэхнікі.

– Слабымі тэмпамі назапашваюць мінеральныя ўгнаенні гаспадаркі “Дварэц-Агра”, “Войневічы”, “Жукоўшчына”, – заўважыў Андрэй Садоўскі. – Вываз арганікі на палі таксама ідзе марудна, хоць надвор’е дазваляе поўную выгрузку. У такім выпадку вясновую падкормку прыйдзецца весці па графіку спрасаванага часу, чаго нельга дапусціць.

Андрэй Уладзіміравіч таксама зрабіў заўвагі кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў раёна наконт механізмаў дастаўкі ўгнаенняў. Лічыць грошы прызваў ён аграрыяў, удакладніўшы, што сваімі сіламі падвоз абыходзіцца танней, чым пры заказе паслугаў па дастаўцы ў старонніх арганізацыях.

Майстэрства крадзяжу

Як паводзяць сябе “кішэннікі”, іх “ціхія” спосабы крадзяжу абмеркавалі ў час нарады. Повадам для бяседы паслужыў крадзеж кашалька, пакінутага гаспадаром у куртцы, якая вісела ў фае санаторыя. Зладзюгай аказалася жыхарка гарпасёлка Наваельня, якая мэтанакіравана “выйшла на промысел”.

Як падкрэсліў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль, ёсць катэгорыя злачынцаў, якія спецыялізуюцца на крадзяжы рэчаў з кішэняў вопраткі; з кабінетаў, а ў нас амаль у кожнай арганізацыі, куды не зойдзеш, дзверы кабінетаў не зачынены і на сталах безгаспадарна ляжаць мабільныя тэлефоны; або з тамбураў і калідораў незамкнёных дамоў і кватэр, пры чым так, што гаспадар можа і не заўважыць, што нехта ціхенька ўвайшоў, забраў рэчы, якія ляжаць на паверхні камода або на паліцы шафы.

Быць уважлівымі і асцярожнымі, не пакідаць без кантролю свае рэчы і незамкнёнымі памяшканні, каб не даць крымінальным элементам нажыцца на вас, заклікаў начальнік міліцыі жыхароў раёна.

Іншыя тэмы коратка

Працягваецца капітальны рамонт шматпавярховага дома нумар 28 па вуліцы Перамогі ў райцэнтры. Брыгада ўпраўлення спецыяльных работ горада Дзятлава ААТ “Будкомплекс” прыступіла да ўцяплення тарцовых сцен.

****

На абласных алімпіядах школьнікі Дзятлаўшчыны заваявалі тры прызавыя дыпломы: 2 – па матэматыцы, абодва за трэцяе месца (гімназія № 1 горада Дзятлава і Казлоўшчынская сярэдняя школа), 1 – па працоўным навучанні за трэцяе месца (сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава).

****

525-годдзе адзначыць сёлета наш горад Дзятлава. Першыя арганізацыйныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы святкавання юбілейнай даты былі абмеркаваны на нарадзе.

****

Старшыня райвыканкама выказаў падзяку ўсім удзельнікам дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы”: прадстаўнікам улады, кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскім аб’яднанням, установам адукацыі, жыхарам раёна, якія праявілі нераўнадушша да людзей сталага ўзросту, парадавалі іх падарункамі, дапамогай у побыце, цёплай бяседай.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga