Калядны валейбол на Дзятлаўшчыне

Важнае Спорт і турызм

У гімназіі № 1 горада Дзятлава прайшоў традыцыйны раённы калядны турнір па валейболе на прызы Дзятлаўскага благачыння.

Сёлета ў ім удзельнічалі каманды гарадскіх установаў адукацыі: гімназіі № 1, сярэдніх школ № 1 і № 3 горада Дзятлава. Арганізатарамі турніру выступілі Дзятлаўская царкоўная акруга, аддзел адукацыі райвыканкама і раённы фізкультурна-спартыўны клуб.

Павіталі ўдзельнікаў спаборніцтваў і пажадалі ім паспяховай гульні благачынны Дзятлаўскай царкоўнай акругі іерэй Іаан Кісель, клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай іерэй Сцепановіч і метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Пазняк.

– У гэтыя святочныя дні мы праслаўляем вялікую падзею Нараджэння Хрыстова, якая адбылася на зямлі больш за 2 тысячы гадоў таму дзеля ўратавання нашых несмяротных душаў, – звярнуўся да ўдзельнікаў турніру Іаан Кісель. – Каб наблізіцца да Царства Нябеснага, нам важна тут, на зямлі, набыць такія добрыя якасці, як цярпенне, павага, вытрымка, у іх умацаванні спорт таксама моцна дапамагае. Спадзяюся, што гэта сяброўская сустрэча ўсім прынясе станоўчыя эмоцыі.  Жадаю ўдачы і прашу праявіць у адносінах да сапернікаў стрыманасць, цярплівасць і міласэрнасць.

Пасля сумеснай малітвы каманды выйшлі на пляцоўку пры падтрымцы балельшчыкаў і сваіх трэнераў. Кожная з каманд правяла да трох партый, у выніку чаго размеркаваліся прызавыя месцы.

Пераможцай каляднага турніру стала каманда сярэдняй школы № 3, якая атрымала кубак і дыплом, сярэбранымі прызёрамі сталі валейбалісты гімназіі № 1, на трэцім месцы замацаваліся спартсмены сярэдняй школы № 1.

Эмоцыямі і ўражаннямі падзяліўся капітан каманды-пераможцы, адзінаццацікласнік Ягор Кедзік:

– Наша зборная была ўтворана ў лютым 2020 года, у яе ўваходзяць юнакі і дзяўчаты, вучні старэйшых класаў школы. Мы рэгулярна наведваем трэніроўкі, дзе нас навучылі правільна размінацца, каб гульня была бяспечнай, зладжана іграць, адчуваць адзін аднаго на пляцоўцы і падтрымліваць. Да турніру нас падрыхтаваў выдатны трэнер Віктар Добыш, вялікае дзякуй яму за ўклад у нашу перамогу. Разам мы праглядалі мінулагоднія гульні і аналізавалі памылкі, каб самім не паўтараць іх. На маю думку, мы сёння перамаглі, бо змаглі адкінуць хваляванне і сканцэнтравацца. Усе каманды выступалі дастойна. Віншую ўдзельнікаў турніру з Нараджэннем Хрыстовым і добрым спартыўным вынікам.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga