Хто з’яўляецца стратэгічным рэсурсам дзяржавы?

Важнае Грамадства

У рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта ШАГ у школах Дзятлаўшчыны прайшлі заняткі на тэму “Гонар за Беларусь.

Навука і інавацыі – сучаснасць і будучыня нашай эканомікі”.

На сустрэчу з вучнямі 8-11 класаў сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава былі запрошаны метадыст аддзела тэсціравання Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Мікалай Гаўрылюк і выпускнік школы, цяпер студэнт Павел Смірноў, які адзін з першых прайшоў навучанне ў тэхнапарку.

Паводле стратэгіі нашай дзяржавы вызначаны 6 кірункаў, на якіх трэба сканцэнтраваць асноўныя намаганні развіцця беларускай навукі: электратранспарт, біятэхналогіі ў аграрна-прамысловым комплексе, інавацыйная ахова здароўя, біятэхналогіі для фармацэўтыкі, “разумныя” гарады, дакладнае земляробства.

Пра нацыянальны праект дзіцячага тэхнапарка расказаў Мікалай Гаўрылюк. Спыніўся на тым, што функцыянаваць Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк пачаў у 2021 годзе. Ён служыць для выяўлення і падтрымкі адораных навучэнцаў, развіцця ў іх цікавасці да навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, матывуе да асобасных дасягненняў. Каб быць залічаным, неабходна прайсці тры этапы адбору: запоўніць заяўку на сайце ўстановы і прадаставіць свой праект або дасягненні ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах; прайсці тэсціраванне для выяўлення здольнасцяў; далей паспяховых чакае субяседаванне, на якім яны вызначаюцца з напрамкам навучання. Вучоба ажыццяўляецца ў дзённай форме (змена 24 дні), а таксама ў форме індывідуальнай дыстанцыйнай работы над праектам, разлічанай на 3 месяцы. Для атрымання льготы пры паступленні ў вядучыя ВНУ Беларусі неабходна на працягу года правесці 2 змены ў тэхнапарку, прайсці дыстанцыйнае навучанне і па рэкамендацыі назіральнага савета можна быць залічаным без уступных іспытаў. Тым, хто яшчэ не вызначыўся з прафесіяй, Мікалай Уладзіміравіч параіў абавязкова прайсці навучанне ў тэхнапарку па розных кірунках, а дапамагчы з праектамі могуць школьныя настаўнікі.

“ШАГ другі: мы разважаем” быў скіраваны на абмеркаванне атрыманай інфармацыі. Навучэнцы змаглі задаць Мікалаю Гаўрылюку хвалюючыя іх пытанні. Паслухалі выступленне Паўла Смірнова, які ўзгадаў, як змог стаць удзельнікам змены ў тэхнапарку, дзякуючы праекту “Хлеб вайны”, распрацаванаму з педагогамі школы Вольгай Старыкавай і Алінай Макарэвіч, паразважаў, якія ўменні і навыкі ўдасканаліла навучанне, расказаў пра сяброў, з якімі пазнаёміўся ў тэхнапарку і падтрымлівае сувязі.

“ШАГ трэці: падводзім вынікі” школьнікі зрабілі разам з дырэктарам установы Марынай Нячай. Яна падзякавала гасцям за цікавыя выступленні і заклікала старшакласнікаў не баяцца спрабаваць сябе ў распрацоўцы праектаў і паступленні ў тэхнапарк, паколькі гэта дапамагае не толькі вызначыцца з прафесіяй, але і зарэкамендаваць сябе. Напрыканцы Марына Міхайлаўна ўзгадала словы Прэзідэнта, што “матываваная, адукаваная і актыўная моладзь – гэта стратэгічны рэсурс любой краіны” і пажадала вучням школы імкнуцца стаць такім рэсурсам.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga