Хрышчэнская вадзіца

Важнае Грамадства

Зусім нядаўна, у свята Хрышчэння Гасподня, ваду асвяцілі на здароўе, цялеснае і духоўнае ачышчэнне ўсіх, хто яе ўжывае.

І нават пасля святаў крыніцы Дзятлаўшчыны гасцінна запрашаюць усіх аматараў чыстай гаючай вады.

Самае вядомае з такіх месцаў – крыніца паблізу аграгарадка Жукоўшчына, да якой з’язджаюцца не толькі мясцовыя жыхары, але і госці раёна. Аднак не заўсёды робяць гэта з чыстымі помысламі і рукамі. Гэту акалічнасць газета “Перамога” высветліла ў час чарговага рэйду на вадаём (папярэдні матэрыял па тэме пабачыў свет некалькі месяцаў таму).

Жукоўшчынская крыніца не проста радуе вока і дорыць людзям крыштальную ваду. Яна з’яўляецца адметнасцю раёна, уваходзіць у турыстычныя маршруты, яе часта наведваюць турысты. Тут ёсць інфраструктура, добраўпарадкаваны спуск, створаныя мясцовымі ўладамі, нарэшце, кантэйнер для збору цвёрдых камунальных адходаў, які знаходзяцца ў ідэальна чыстым стане. А вось само смецце ляжыць не ўнутры і нават не побач з кантэйнерам, а россыпам раскідана па берагах крыніцы і ў яе крыштальных водах. Тут ёсць усё – бутэлькі і бляшанкі з-пад алкаголю, абгорткі ад прадуктаў, ручкі ад пластыкавай тары, у якую, відаць, набіралі крынічную ваду, і яшчэ многа “амаль карысных” рэчаў.

Гледзячы на гэты асартымент, узгадваю сюжэт народнай казкі, дзе хлопчыка перасцерагалі: не пі, казляняткам станеш! Ды не, паважаныя, з нашай вадой усё ў парадку. Аднак многія людзі самі па сабе, на жаль, страцілі чалавечае аблічча, зноў і зноў паўтараючы непрыемны “смеццевы” сцэнар у розных месцах сваёй малой радзімы. Працяг будзе?..

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga