Дзелавы панядзелак. Новы каляндарны цыкл напоўнены ідэямі і планамі

Важнае Улада

Першая ў новым годзе нарада ў старшыні райвыканкама пачалася з віншаванняў кіраўніка раёна ўсіх прысутных з Новым годам і праваслаўнымі Калядамі, якія набліжаюцца.

Андрэй Уладзіміравіч коратка падвёў вынікі 2022 года. Ён падкрэсліў, што бюджэт выкананы на добрым узроўні. Па сельскай гаспадарцы немалаважны паказчык – надоі малака – склаў 5600 кілаграмаў малака на карову з прыбаўкай больш за 800 кілаграмаў. Гэта вельмі высокія лічбы, такіх раён ніколі не меў. Фінансаванне на бліжэйшы час вызначана па аб’ектах будаўніцтва, рамонту жылля і аб’ектаў сацыяльнай сферы.

– 2023 год аб’яўлены Годам міру і стварэння. Ён будзе няпросты, падзеі ў суседняй краіне, санкцыі дадуць аб сабе знаць. Аднак, мы прывыклі працаваць і будзем працаваць, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Галоўнае, каб неба было мірным над нашай краінай і захаваць мір у сваім грамадстве. Ключавымі напрамкамі ў гэтым годзе будуць удасканаленне сістэмы ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі, рэалізацыя мірных ініцыятыў грамадзян, садзейнічанне міжканфесійнаму дыялогу, які забяспечвае мір і згоду ў беларускім грамадстве, стваральная праца.

Абмеркавалі на нарадзе актуальныя тэмы сельскай гаспадаркі. Зараз прадпрыемствы займаюцца падрыхтоўкай і закупкай насення. 100,9 % насення зерневых да плана ачышчана і прайшло праверку на кандыцыю. Лепшымі ў гэтым пытанні адзначаны гаспадаркі  “Дварэц-Агра”, “Граніт-Агра”, “Жукоўшчына”, “Хвінявічы”. Адпраўлены прадпрыемствамі заяўкі на закуп насення эліты па іншых культурах.

– Набывайце насенне кукурузы. У жывёлагадоўлі – гэта стратэгічная культура. Правільна паступае кіраўніцтва КСУП “Хвінявічы”– гаспадарка ўжо актыўна купляе як кармавую, так і зерневую групы, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.

Таксама Андрэй Уладзіміравіч даў заданне аграрыям па планаванні перазалужэння земляў.

Рост заработнай платы па раёне стаў тэмай для бяседы. Амаль не засталося на Дзятлаўшчыне арганізацый і прадпрыемстваў, дзе сярэдняя намінальная заработная плата не дасягнула тысячы рублёў. Пры гэтым, тэмп росту зарплаты ў гэтых арганізацыях за мінулы год быў значны, ва ўсіх больш за 100 %.

Сфера адукацыі пачынае год з раённага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Педагогі ў розных намінацыях пазмагаюцца ў конкурсах, на якіх будуць ацэньвацца вопыт работы, характарыстыка педагога, распрацаваны ім урок, таксама настаўнікі дадуць вучэбны занятак у незнаёмым класе, правядуць яго самааналіз і пакажуць майстар-клас па тэме свайго вопыту.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: