Дэталёва аб патрабаваннях працоўнага заканадаўства

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне для спецыялістаў па кадрах і юрыстаў арганізацый раёна ў кінатэатры “Спадарожнік” прайшоў семінар на актуальную тэму: “Аб выкананні заканадаўства аб працы, занятасці, пенсійным забеспячэнні”, арганізаваны ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Удзел у пасяджэнні прыняў галоўны дзяржаўны інспектар Навагрудскага міжраённага аддзела Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента Дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Курленка.

Аб парадку прыёму на работу, згодна з Дэкрэтам № 5 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый” расказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Дорда. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што ў Дэкрэт № 5 у кастрычніку 2021 года былі ўнесены змяненні: вызначаны патрабаванні да характарыстык на работнікаў; устаноўлены дадатковыя патрабаванні пры прыёме на работу ў дзяржаўныя арганізацыі і тыя, дзе доля ўласнасці дзяржавы больш за 50 %; абазначана, што парушэнне прадугледжанага Дэкрэтам № 5 парадку прыёму на работу і назначэня на пасаду, як і выдача характарыстык, якія ўтрымліваюць недакладныя звесткі, – гэта грубыя парушэнні працоўных абавязкаў; дапоўнены пералік дыскрэдытуючых абставінаў звальнення. Нагадала, што арганізацыі прыватнай формы ўласнасці таксама маюць права запытаць характарыстыку, калі ж ім самім прыходзіць падобны запыт, то па законе яны яе павінны абавязкова прадаставіць, згодна з Пастановай Саўміна № 585 “Аб форме характарыстыкі”.

Пунктам 11 Дэкрэта ўстаноўлены абавязак наймальніка пры прыёме на работу ў дзяржаўныя ўстановы запытваць характарыстыку з папярэдняга месца работы і з дзяржаўнай арганізацыі, якая з’яўлялася месцам работы на працягу папярэдніх 5-і гадоў. На кандыдатаў на кіруючыя пасады дзяржаўных арганізацый, акрамя характарыстыкі, наймальнік абавязаны запытаць у органах унутраных спраў яшчэ і звесткі з адзінага дзяржаўнага банка аб правапарушэннях. Яны выдаюцца бясплатна. Невыкананне прадугледжаных Дэкрэтам № 5 парадку прыёму на работу, выдачы характарыстых са свядома недакладнымі звесткамі прызнаецца грубым парушэннем працоўных абавязкаў, а калі яно вядзе да нанясення ўрону дзяржаўнай уласнасці ці істотнай шкоды дзяржаўным або грамадскім інтарэсам пры наяўнасці падставаў, то прадугледжвае адказнасць у адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь. Расказала Таццяна Дорда і аб нормах заканадаўства, якія тычацца правілаў захоўвання характарыстык.

Тэму прадоўжыў Дзмітрый Курленка, які спыніўся на парушэннях Дэкрэта № 5, якія найчасцей сустракаліся на практыцы і за якія адказныя асобы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Па-першае, падкрэсліў, што да кіруючых пасадаў, для якіх запытваюцца звесткі з адзінага банка даных, акрамя кіраўніка і яго намесніка, адносяцца і кіраўнікі структурных падраздзяленняў, якім падначалены работнікі і якія маюць права даваць распараджэнні абавязковыя для выканання. Па-другое, парэкамендаваў менавіта заказной карэспандэнцыяй накіроўваць запыты, для якіх заканадаўча вызначаны тэрмін выканання,– гэта будзе своеасаблівай “страхоўкай” для адказнага спецыяліста (напрыклад, характарыстыка павінна быць выдадзена на працягу 7 каляндарных дзён з дня атрымання адпаведнага запыту). Па-трэцяе, прымаць чалавека на работу можна толькі пасля атрымання характарыстыкі, калі ж на ёй пазначана дата пазнейшая за дзень прыёму на работу – гэта адміністрацыйнае парушэнне. Дзмітрый Васільевіч падкрэсліў, што пералічаныя парушэнні складаюць 95 % ад часта выяўляемых інспекцыяй па працы, а таксама закрануў патрабаванні працоўнага заканадаўства.

Прысутныя спецыялісты па кадрах і юрысты задалі Дзмітрыю Курленка пытанні, якія тычыліся праблемных момантаў, што сустракаюцца ў рабоце, і атрымалі на іх дэталёвыя тлумачэнні.

Як выконваецца заканадаўства аб занятасці ў частцы рэалізацыі Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у ненадзейных сем’ях”, расказала намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці Ірына Баравік.

З патрабаваннямі заканадаўства аб пенсійным забеспячэнні, парадку афармлення і прадастаўлення дакументаў для прызначэння і выплаты пенсіі, а таксама добраахвотным страхаванні дадатковай назапашвальнай пенсіі ўдзельнікаў семінара азнаёміла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Навічэнкава.

Семінар па пытаннях аховы працы для адказных спецыялістаў арганізацый прайшоў у гэты ж дзень на базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна з удзелам галоўнага дзяржаўнага інспектара Навагрудскага міжраённага аддзела Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента Дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандра Паўловіча, памочніка доктара-гігіеніста Дзятлаўскага райЦГЭ Марыі Шымчык і галоўнага спецыяліста ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сцяпана Вольскага.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga