Цёплыя сустрэчы (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак

За акном гарэзіла завіруха ды прыціскаў мароз, а ў Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава было ўтульна, цёпла і душэўна.

Бо артысты раёна запрасілі сваіх любімых гледачоў на чарговы святочны канцэрт, каб разам паслухаць чароўны гук “Каляднага перазвону”.

Гэты вечар стаў музычным марафонам творчых калектываў і выканаўцаў нашага раёна на радасць людзям. Пачалося ўсё адразу ў фае ўстановы, дзе народны тэатр-студыя гульні “Суседзі” нагадаў гасцям мерапрыемства, як некалі хадзілі па хатах калядоўшчыкі з казой, мядзведзем, буслом і народнымі песнямі, якія ў тыя часы добра ведалі ў кожнай сялянскай хаце. Але заходзілі яны толькі туды, дзе запальвалі свечку ў акне – чакалі гасцей.

– Свята Нараджэння Хрыстова, якое мы адзначаем сёння, – самае светлае і радаснае для ўсіх праваслаўных хрысціян. У гэты дзень у Дзевы Марыі нарадзіўся сын Ісус, які прынёс свету збаўленне, – нагадалі гісторыю свята вядучыя Чэслаў Свіб і Анастасія Голуб. – Людзі, аб’яднаныя гэтай радаснай весткай, адчуваюць сябе адной сям’ёй: у храме, у сябе дома за агульным сталом і тут, у зале, на нашым святочным канцэрце.

На раённай сцэне папулярныя песні дзятлаўчанам падарылі іх любімыя калектывы – тэатральная студыя “Мелодыя душы”, вакальная група хора “Ветэраны ў страі”, ансамбль цыганскай песні “Бахта Лачы”, ВІА “Гарачыя сэрцы”, дуэт Андрэя Добыша і Аляксандра Баклушына. Іх дапоўнілі сольныя выступленні мэтраў раённай сцэны Сяргея Малышчыка, Марыны Варган, Наталлі Бузук і юнай зорачкі, пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года” Аляксандры Міклаш. Авацыямі гледачы сустрэлі “каронку” ад заўжды бадзёрых салістак хору “Ветэраны ў страі” – танец “Бабулечкі-заечкі”, сугучны з сімвалам новага года.

Прыемным дапаўненнем цёплага вечара ў добрай кампаніі стаў традыцыйны калядны розыгрыш, пераможцай якога аказалася абаяльная Алена Мастыка. Яна павіншавала землякоў з навагоднімі святамі і пажадала ўсім самага галоўнага – моцнага здароўя.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga