Зноў з ДАІ ў пошуку “ліпавых інвалідаў”

Важнае Грамадства

Вадзіцелі часта праяўляюць эгаізм у адносінах да іншых удзельнікаў дарожнага руху.

Нярэдка ад іх паводзін пакутуюць і інваліды-вадзіцелі, чые парковачныя месцы аказваюцца занятымі. Разам з супрацоўнікамі міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Дзятлаўскага, Зэльвенскага і Слонімскага раёнаў мы разбіраліся, што прымушае здаровых людзей наязджаць на разметку “парковачнае месца для інваліда”.

Шукаць парушальнікаў асабліва і не прыйшлося. Амаль што ні стаянка ў Дзятлаве, то на ёй абавязкова “ліпавы інвалід”.

Грамадзяне тлумачылі паркоўку свайго аўтамабіля на такіх месцах досыць эгаістычна: “мне далёка ісці, паблізу месцаў няма і часу чакаць таксама няма” або “мне так зручней”. Асабліва непрыемна гэта гучала на стаянцы каля раённай бальніцы, дзе парушаліся правы людзей, у якіх і акрамя праблем з паркоўкай, хапае іншых, больш важных жыццёвых пытанняў.

– У большасці выпадкаў усе парковачныя месцы для інвалідаў зроблены ў крокавай даступнасці, каб людзям было лягчэй, таму што кожны крок можа прычыняць ім фізічны боль. Акрамя патрабавання выконваць правілы дарожнага руху, тут на першы план выходзіць і маральнае права, – выказаў сваё меркаванне дзяржаўтаінспектар Андрэй Іскра.

Вынікам рэйда сталі два вусныя папярэджанні, два штрафы.

Хочацца нагадаць людзям пра сумленне і спадзявацца, што гэты рэпартаж дапаможа змяніць сітуацыю.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: