Як зарплата “ў канверце” паўплывае на памер пенсіі?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Заработная плата “ў канверце” – сур’ёзная праблема не толькі для эканомікі нашай краіны, але і для грамадзян, якія атрымліваюць падобныя выплаты.

Яна з’яўляецца парушэннем правоў грамадзян і напрамую ўплывае на налічэнне дапамогаў, пенсій і іншыя сацыяльныя гарантыі.

Яшчэ горш, калі заработная плата цалкам выплачваецца “ў канверце” і абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт дзяржаўнага Фонду сацыяльнага забеспячэння насельніцтва не паступаюць наогул. Далёка не кожны чалавек, які згаджаецца на такія даходы, уяўляе сабе “адваротны бок медаля”. У далейшым пры афармленні пенсіі ў такога работніка ўзнікнуць цяжкасці, бо памер пенсіі па ўзросце залежыць ад працоўнага стажу і памеру заработнай платы да прызначэння пенсіі. Таксама права на працоўную пенсію па ўзросце і за выслугу гадоў работніку дае наяўнасць у яго страхавога стажу ўстаноўленай працягласці.

Варта ведаць, што, па-першае, пры прызначэнні пенсіі не будуць улічаны ў стаж работы тыя перыяды працоўнай дзейнасці, на працягу якіх не ажыццяўлялася выплата страхавых узносаў у адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні. Па-другое, пры вылічэнні памеру пенсіі будуць улічаны толькі тыя сумы заробку, з якіх выплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы.

У Рэспубліцы Беларусь да 2025 года адбываецца паэтапнае павелічэнне да 20 гадоў абавязковага пры прызначэнні працоўнай пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў стажу работы з выплатай страхавых узносаў у бюджэт фонду, гэта значыць, “страхавога стажу”. Толькі выплачваючы ў фонд абавязковыя страхавыя ўзносы з афіцыйных сум заработнай платы, работнік можа разлічваць на атрыманне пенсіі і сацыяльную абарону.

Акрамя таго, выплачаная неафіцыйна заработная плата адаб’ецца і на памеры сацыяльных выплат у выпадку ўзнікнення праблем са здароўем: работнік не атрымае аплату бальнічнага ліста па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах ці атрымае толькі з разліку афіцыйнай фактычнай заработнай платы.

Алена НАВІЧЭНКАВА,
намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga