Толькі комплексны падыход

Важнае Улада

Сёння на сумесным пасяджэнні раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта абмеркавалі рэалізацыю патрабаванняў Дырэктывы № 1, былі заслуханы справаздачы аб прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскага раёна на 2023 год, а таксама бюджэце раёна будучага года.

Нарада прайшла пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага і старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.

У якасці важнейшых прыярытэтаў развіцця раёна ў новым годзе былі вызначаны занятасць, экспарт, інвестыцыі. Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская адзначыла, што тэмп росту намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы ў 2023 годзе павінен скласці 116,2 % да паказчыкаў 2022 года; інвестыцыі ў асноўны капітал – 102,5 %; сукупныя паступленні даходаў у бюджэт раёна – 105,3 % адпаведна.

Вольга Антонаўна асобна спынілася на тэме прыцягнення інвестыцый у раён, назваўшы яе апорнай кропкай эканамічнага развіцця – ёсць шэраг праектаў, над якімі прыйдзецца напружана працаваць: санаторый “Радон” збіраецца пачаць будаўніцтва цёплага пераходу паміж карпусамі, ААТ “Граніт-Агра” і СГФ “АграМілк” плануюць пабудаваць па два кароўнікі больш чым на 700 галоў і па адным даільна-малочным блоку кожны, такія ж планы будаўніцтва кароўнікаў і даільнай залы пры аграгарадку Раготна ў ААТ “Молочный Мир”, іншыя праекты.

Перад суб’ектамі гаспадарання на будучы год пастаўлены канкрэтныя мэты і напружаныя заданні па нарошчванні экспартнага патэнцыялу, імпартазамяшчэння.

На пасяджэнні быў заслуханы і прыняты праект бюджэту на 2023 год. У наступным годзе, як патлумачыла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала, будзе захавана сацыяльная накіраванасць бюджэту. Ключавая задача на 2023 год – павышэнне эканамічнай эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый.

– Наш бюджэт датуецца толькі на 36 %, у адрозненне ад іншых раёнаў, дзе датацыя даходзіць і больш чым да 50 %. Гэта паказвае стабільнае развіццё эканомікі Дзятлаўшчыны, – заўважыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Плануем, што даходы ў бюджэт наступнага года дазволяць рэалізаваць некаторыя дадатковыя праекты. Напрыклад, рамонт харчблока дзіцячага сада, гісторыка-краязнаўчага музея, будаўніцтва шматфункцыянальнай спартыўнай пляцоўкі варкаўт у Наваельні, прадаўжэнне рамонту райбальніцы і іншыя. Што датычыцца сельскай тэмы, раней мы выдзялялі бюджэтныя бязвыплатныя дапамогі гаспадаркам на набыццё запчастак для рамонту тэхнікі і іншыя патрэбы. Аднак, прыйшоў час зразумець, што грошы трэба зарабляць і самым. У наступным годзе будуць выдзяляцца дапамогі па прынцыпе абласной практыкі – у пазыку з наступным вяртаннем сродкаў у бюджэт.   

Па трэцім пытанні выступіў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Ён адзначыў, што за перыяд з 2018 года і па стане на 11 месяцаў 2022 года ў раёне адбылося 126 пажараў, на якіх загінулі 11 чалавек, 8 з іх – з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення.

– Аналізуючы абставіны гібелі людзей, бачна, што не заўсёды прымаюцца адпаведныя меры па прафілактыцы, не надаецца належная ўвага рэсацыялізацыі і сацыяльнай адаптацыі асобаў, якія злоўжываюць алкаголем, з абавязковым прыцягненнем іх да працы, – падкрэсліў Ігар Станіслававіч.

Найбольшая колькасць пажараў за пяць гадоў адбылася ў жылых дамах (кватэрах) – 50 выпадкаў, а таксама ў надворных пабудовах – 46 выпадкаў, што сведчыць аб неабходнасці мэтанакіраванай работы назіральных камісій па прывядзенні домаўладанняў і гаспадарчых пабудоў у пажарабяспечны стан, а таксама неабходнасці правядзення шырокай тлумачальнай работы сярод насельніцтва.

За 11 месяцаў бягучага года назіральнымі камісіямі праверана 6440 домаўладанняў. Сёлета рамонт пячнога ацяплення выкананы ў 35 домаўладаннях грамадзян, якія маюць патрэбу ў дадатковай сацыяльнай абароне, электраправодкі – 35, устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі – 51. Праведзены работы па ўстаноўцы АПА з вывадам сігналу на знешнюю святлогукавую прыладу на фасад будынка ў 16 домаўладаннях сем’яў, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і ў 26 домаўладаннях грамадзян старэйшых за 80 гадоў.

Узнікненне ўзгаранняў у прыродных экасістэмах адбываецца з-за несвоечасовага прыняцця мер па ачыстцы тэрыторый ад сухой расліннасці і смецця, неправядзення работ па разборцы непрыдатных да далейшай эксплуатацыі будынкаў і збудаванняў і ўвядзенні ў гаспадарчы абарот вызваленай зямлі. Аднак план па зносе аварыйных, непрыдатных да далейшай эксплуатацыі будынкаў на 2022 год сельвыканкамамі і некаторымі арганізацыямі не быў выкананы ў поўным аб’ёме. Да кіраўнікоў прыменены меры дысцыплінарнага спагнання.

Па выніках 11 месяцаў 2022 года на фоне агульнага росту злачыннасці на тэрыторыі раёна (+5,7 %) павялічылася і колькасць злачынстваў, учыненых асобамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення (з 46 да 59; +28,3 %), а таксама адзначаецца рост іх удзельнай вагі ў агульнай структуры злачыннасці.

Кіраўнік раёна выказаў упэўненасць, што тут не дапрацоўваюць участковыя інспектары – тое самае першае звяно ў рабоце прафілактычных службаў па выкараненні правапарушэнняў і злачынстваў, на што было ўказана начальніку аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандру Білю.

Таксама на пасяджэнні абмеркавалі пытанні папярэджання гібелі людзей на вадзе, дзіцячага траўматызму, выканаўчай і працоўнай дысцыпліны.

Дырэктыва Прэзідэнта Беларусі “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” была прынята ў 2004 годзе. Рэалізацыя нормаў і патрабаванняў, прапісаных у гэтым дакуменце, – важнейшая задача мясцовых органаў улады і шэрагу іншых адказных структур.

 

Як падкрэсліў Андрэй Садоўскі, Дырэктыва – яшчэ адно пацвярджэнне таго, што Беларусь – сацыяльна арыентаваная краіна, і што дзяржава бачыць сваёй галоўнай задачай клопат аб жыцці і здароўі людзей.

– На жаль, статыстыка сведчыць аб тым, што нашы грамадзяне гінуць у сувязі з невыкананнем мер бяспекі на вытворчасці, ёсць смерці з-за пажараў, у дарожна-транспартных здарэннях, на вадаёмах. Нам неабходна было разгледзець эфектыўнасць прынятых мер і вынікі той вялікай і планамернай работы, якая праводзіцца ў Дзятлаўскім раёне. І паколькі бяспека – паняцце комплекснае, падыход да абмеркавання рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы павінен быць такім жа, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч.

Пасля пасяджэння выканкама прайшла раённая сесія дэпутатаў, на парадак дня якой было вынесена некалькі пытанняў, у тым ліку зацвярджэння бюджэту на 2023 год, спісання рухомай і нерухомай маёмасці РУП ЖКГ, змяненняў у нарматыўнай дакументацыі сельвыканкамаў і іншыя.

Напрыканцы Андрэй Садоўскі і Аляксандр Бараноўскі падзякавалі ўсім прысутным за плённую працу ў 2022 годзе, павіншавалі з надыходзячымі каляднымі і навагоднім святамі, пажадалі дабрабыту, здароўя, падтрымкі блізкіх і родных людзей, прафесійных поспехаў.

Ірына КАМАРОВА

Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

 



Теги: