Што варта ведаць пра пенсію?

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама часта звяртаюцца жыхары Дзятлаўшчыны, якіх хвалююць пытанні, у тым ліку па пенсійным забеспячэнні.

Адказвае намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.

Пытанне: куды трэба звяртацца па прызначэнне пенсіі па ўзросце. Хто павінен збіраць дакументы: сам будучы пенсіянер ці іншыя службы?

Адказ: парадак звароту па прызначэнне пенсіі вызначаны артыкулам 75 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”. Згодна з ім працоўныя грамадзяне падаюць заяву аб прызначэнні пенсіі праз наймальніка па месцы апошняй работы. Наймальнікі абавязаны своечасова аформіць дакументы аб стажы работы, заробку і іншыя, неабходныя для прызначэння пенсіі, і своечасова прадаставіць іх ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Заўважу, што наймальнікі нясуць матэрыяльную адказнасць перад пенсіянерам за ўрон, нанесены няпоўным афармленнем дакументаў і несвоечасовым прадастаўленнем іх ва ўпраўленне.

Калі будучы пенсіянер па якіх-небудзь прычынах не працуе, то ўсе неабходныя дакументы ён павінен сабраць самастойна. Пакет дакументаў разам з заявай аб прызначэнні пенсіі падаецца ва ўпраўленне па працы па месцы жыхарства (рэгістрацыі). Спецыяліст упраўлення патлумачыць пенсіянеру яго правы і абавязкі і ў выпадку, калі дакументы не прадастаўлены ў поўным аб’ёме, акажа садзейнічанне ў іх зборы.

Пытанне: многія пенсіянеры прадаўжаюць працаваць пасля прызначэння пенсіі. Ці існуюць абмежаванні па яе выплаце працуючым пенсіянерам?

Адказ: так, заканадаўства прадугледжвае розныя ўмовы выплаты пенсій як для працуючых, так і для непрацуючых пенсіянераў.

У поўным памеры выплачваюцца пенсіі тым, хто працуе непасрэдна на вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі на прадпрыемствах сельскай гаспадаркі. Права на выплату пенсіі ў поўным памеры пры прадаўжэнні аплачваемай работы маюць таксама пенсіянеры, у якіх індывідуальны каэфіцыент заробку не перавышае 1,3. Тыя, у каго ён вышэйшы, у перыяд работы ці дзейнасці ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка не атрымліваюць тую частку пенсіі, якая налічваецца з улікам заробку звыш каэфіцыента 1,3.

Пытанне: хто павінен паведаміць ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аб тым, што пенсіянер працуе: ён сам ці наймальнік?

Адказ: артыкул 93 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” абавязвае наймальніка пры прыёме на работу пенсіянера паведаміць аб гэтым у пяцідзённы тэрмін у орган, які выплачвае пенсію. У выпадку невыканання гэтай нормы залішне выплачаныя сумы пенсій спаганяюцца на карысць органа, які яе выплачвае, па яго распараджэнні ў бясспрэчным парадку з наймальнікаў-юрыдычных асобаў, а ў судовым парадку – з наймальнікаў-фізічных асобаў. І сам пенсіянер таксама абавязаны паведамляць у орган, які выплачвае яму пенсію, аб абставінах, якія ўплываюць на змяненне яе памеру ці спыненне выплаты.

Звярніце ўвагу, што ў заканадаўстве не ўтрымліваецца норма, якая абавязвае наймальніка ў выпадку звальнення пенсіянера паведамляць аб гэтым у орган, які выплачвае пенсію. Калі пенсіянер спыніў работу, яму самому неабходна з працоўнай кніжкай звярнуцца ва ўпраўленне па працы па месцы атрымання пенсіі. Асабліва гэта важна для пенсіянераў, у якіх індывідуальны каэфіцыент заробку вышэйшы за 1,3, а таксама ва ўзросце, старэйшым за 75 (80) гадоў, бо ўзроставая даплата да пенсіі прадугледжана толькі для непрацуючых.

Падрыхтавала да друку Ірына СТЫРНІК